Пытанні мемарыялізацыі Каліноўскага
Увосені ў Вільні адбудзецца ўрачыстая цырымонія перапахавання парэштак кіраўнікоў вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў. Правадыры інсургентаў знойдуць апошні спачын у адрэстаўраванай каплічцы на гістарычных могілках Росы. Сярод пахаваных ёсць і адзін з айцоў-заснавальнікаў сучаснай беларускай нацыі Кастусь Каліноўскі.
У лютым 2016 года на гары Гедыміна ў Вільні здарыўся апоўзень, у выніку якога на паверхні зямлі апынуліся магілы некалькіх чалавек. Літоўскія археолагі даволі хутка сарыентаваліся ў пытанні, вывучыўшы артэфакты і супаставіўшы некаторыя звесткі, якія былі вядомыя і раней адносна магчымага месца пахавання герояў вызвольнага паўстання ХІХ стагоддзя. Кастусь Каліноўскі быў знойдзены першым, яго ідэнтыфікавалі шляхам супастаўлення чэрапа з прыжыццёвым фотаздымкам аўтарства ўдзельніка паўстання Ахіла Банольдзі. Рукі ягоныя былі завязаныя за спінай, цела пасыпанае вапнай. Імперыя імкнулася такім чынам прыхаваць месца злачынства, не дапусціць у будучыні з’яўлення месца для масавага паломніцтва. Зрэшты, для карэнных віленчукоў, актывістаў беларускага руху ў Вільні, даследчыкаў біяграфіі Кастуся Каліноўскага таямніца месца ягонага пахавання была ўмоўнай. Больш за тое, у постсавецкі час беларускія актывісты ў Вільні неяк звярталіся да ўладаў з просьбай аб садзеянні ў пошуку магіл паўстанцаў, але ў адказ ім заяўлялася, што гара Гедыміна – гэта помнік часоў ВкЛ, а не наступных эпох. І вось прыродная стыхія зноў актуалізавала пытанне аб перапахаванні лідараў паўстання.
Літоўскі бок у шчыльнай кааперацыі з польскімі дзяржаўнымі інстытуцыямі прынялі актыўны ўдзел у пытаннях, звязаных з будучай мемарыялізацыяй парэштак паўстанцаў. Адсутнасць зацікаўленасці да праблемы, якую дэманстраваў афіцыйны Менск, прывёў да заканамернага выніку. Першапачаткова на помніку паўстанцам было вырашана напісаць тэкставыя суправаджэнні на літоўскай і польскай мовах. І толькі пасля актывізацыі беларускага грамадства, якое звярнулася да кіраўніцтва Літвы з петыцыяй, было вырашана пакінуць надпіс і па-беларуску. То бок, на мове “Мужыцкай праўды”, якую выдаваў Кастусь Каліноўскі з паплечнікамі.
Аднак пытанне ўвекавечання Кастуся Каліноўскага не можа быць вырашана высілкамі адной грамадскасці. Напрыклад, правядзенне ДНК-экспертызы парэштак, каб на 100% давесці тое, што гаворка ідзе менавіта пра Каліноўскага магчыма толькі пасля дазволу беларускай дзяржавы на працы ў Свіслачы, дзе пахаваны родны брат Кастуся Віктар. Апрача гэтага, на самой цырымоніі адкрыцця мемарыяла неабходна, сыходзячы з узроўня і важнасці мерапрыемства, прысутнасць высокіх дзяржаўных чыноўнікаў. Сама меней міністэрскага ўзроўню. Але калі дзяржаўная палітыка памяці прадстаўленая адыёзнай пазіцыяй дэпутата Ігара Марзалюка, які заяўляе пра польскую ідэнтычнасць Кастуся Каліноўскага, то на адэкватныя дзеянні беларускай дзяржавы ў пытанні мемарыялізацыі ўдзельнікаў паўстання разлічваць не выпадае.
Разам з тым, беларуская грамадскасць не можа праігнараваць гэтую падзею хаця б таму, што Кастусь Каліноўскі цягам усяго ХХ стагоддзя з’яўляецца адным з найбольш шанаваных і харызматычных герояў нацыянальнага пантэона. Адпаведна, беларускім арганізацыям і партыям варта прыкласці ўсе намаганні для таго, каб годна быць прадстаўленымі на мерапрыемстве. У гэтым сэнсе абсалютна своечасовай з’яўляецца ініцыятыва палітыка Анатоля Лябедзькі, які ад групы дэпутатаў апошняга дэмакратычнага Вярхоўнага Савета ХІІІ склікання афіцыйна звярнуўся да літоўскіх уладаў з просьбай уключыць іх прадстаўнікоў у перамоўны працэс адносна лёсу парэшткаў паўстанцаў. Сапраўды, беларускае грамадства не можа сабе дазволіць праігнараваць гэтую падзею. Калі афіцыйны Менск не адправіць сваіх прадстаўнікоў на мерапрыемства, то іх мусяць замяніць экс-кандыдаты ў прэзідэнты, дэпутаты Вярхоўнага Савета ХІІІ склікання, першы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч ці старшыня Рады БНР. Каб не было сорамна перад нашчадкамі.