Расея пагражае Польшчы



Былы прэзідэнт РФ, паплечнік Уладзіміра Пуціна, Дзмітрый Мядзведзеў апублікаваў на прапагандысцкім рэсурсе “Спадарожнік. Польшча” праграмны артыкул, у якім гучаць завуаляваныя пагрозы Польшчы і фактычна адмаўляецца Беларусі ў палітычнай суб’ектнасці. Улічваючы тое, што пазіцыю даносіць прадстаўнік так званага “ліберальнага крыла” ўлады РФ, гэта сведчыць пра тое, што ніякага расколу ў палітычных элітах РФ на фоне вайны ва Украіне няма. Наадварот, Крэмль падвышае стаўкі ў супрацьстаянні з Захадам і пагражае Варшаве.

Сам факт публікацыі артыкула Дзмітрыя Мядзведзева на польскай мове і на прапагандысцкім рэсурсе, які ўваходзіць у сетку сайтаў-клонаў агенцыі “Расея Сёння” і якім апякуецца адыёзны Дзмітрый Кісялёў, гаворыць пра тое, што Масква скіравала гэты месэдж выключна на ўнутрыпольскую аўдыторыю. Лейтматыў тэксту — зварот да польскай аўдыторыі, якая крытыкуе цяперашні ўрад партыі “Права і Справядлівасць” і выступае за паляпшэнне адносін з РФ. У цэлым аўтар артыкула выкарыстоўвае класічны гэбоўскі прыём, скіраваны на раскол польскага грамадства, якому супрацьпастаўляецца штучным чынам легітымна абраная ўлада.

У матэрыяле Мядзведзева — багата псеўдагістарычнай фактуры, якая апраўдвае варожыя дзеянні Масквы ў дачыненні да Варшавы (як у справах 17 стагоддзя, так і ў падзеях ІІ Сусветнай вайны). Крытыка польскай візіі гісторыі мяжуе з хамствам і нагадвае па форме і змесце пуцінскую прамову, якую зачытаў крамлёўскі правадыр напярэдадні нападу на Украіну.

Аднак беларусам трэба звярнуць увагу на тое, што ў Крамлі, відаць, перасталі канчаткова лічыцца з суверэнітэтам беларускай дзяржавы. Асабліва абуральным выглядае мядзведзеўскі пасаж пра круглую дату з моманту вяртання “Белай Русі ў родную гавань” — 250-годдзе першага падзелу Рэчы Паспалітай. “Сёлета адзначаецца 250-годдзе ад той гістарычнай падзеі, калі векавая праблема польска-каталіцкага прыгнёту большасці людзей тых земляў была вырашана (…). Лічу, што варта было б сёлета адсвяткаваць гэтую юбілейную дату — як дату аб’яднання Вялікай і Белай Русі, народаў Расейскага і Беларускага”, — піша Мядзведзеў. Такая бессаромная і падступная пазіцыя аднаго з кіраўнікоў РФ паказвае, як Масква насамрэч ставіцца да незалежнасці Беларусі і гісторыі нашай краіны. Па сутнасці, у вачах расейскіх уладароў мы ўжо з’яўляемся бязвольным прыдаткам да іх тэрыторыі, без уласнай гісторыі і без свайго бачання будучыні. Відавочна, што расейцы і не думаюць лічыцца з настроямі беларусаў, якія выступаюць за незалежнасць і асуджаюць ваенную агрэсію супраць Украіны. Выглядае на тое, што Крэмль падвышае стаўкі ў канфлікце, які ў вачах яго ініцыятараў мае глабальны характар і не павінен абмяжоўвацца тэрыторыяй Украіны.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ