“Разгул” судовага лібералізма ў Казахстане



У Казахстане набірае моц сацыяльны пратэст, з якім вымушаныя лічыцца ўлады. Гаворка ідзе пра стыхійны рух шматдзетных сем’яў, якія дамагаюцца падвышэння сацыяльных стандартаў і падтрымкі інстытута мацярынства. У адрозненне ад папярэдніх акцый пратэста, улады ідуць на кантакт з незадаволенымі грамадзянамі, прадастаўляюць ім памяшканні для выступаў і імкнуцца ўсяляк залагодзіць сітуацыю. Дайшло да таго, што на фоне эмацыйных мітынгаў маці залежны ад улады суд апраўдаў абвінавачаную ў “закліках да захопу ўлады” кабету Айгуль Акбердыеву. Зрэшты, апазіцыянерка таксама з’яўляецца мамай чатырох непаўналетніх дзяцей, што, відаць, паўплывала на рашэнне суда, які мог вынесці прысуд, паводле якога Айгуль Акбердыева магла трапіць за краты ажно на 10 гадоў.

Аналітыкі наўпрост звязваюць нечакана ліберальны прысуд суда горада Актаў у дачыненні да шматдзетнай маці з тым, што ў апошнія дні ў казахскім грамадстве ўзнялася хваля абурэння сітуацыяй дыскрымінацыі сем’яў, у якіх выхоўваюцца 4 і болей дзяцей. Прычынай для актывізацыі пратэстных настрояў стала трагедыя ў Астане, у выніку якой загінулі пяцёра дзяцей. Непаўналетнія згарэлі падчас пажару ў бытоўцы, пакуль іхныя бацькі былі вымушаныя працаваць дзеля ўтрымання сям’і. Бацька сямейства працаваў на СТА, а маці за тры дні да здарэння ўладкавалася на завод па вырабе пластыкавых картак. Прычына трагедыі відавочная: пакінутыя без нагляду дзеці жылі ў аварыйна небяспечным памяшканні. Толькі вось віна за гэтую бяду ляжыць не толькі на няшчасных бацьках, якія імкнуліся з усіх сіл пракарміць сваіх дзяцей, але і на дзяржаве, якая, маючы багатыя радовішчы карысных выкапняў і даволі развітую прамысловасць, не клапаціцца пра матэрыяльны дабрабыт грамадзянаў.

З 2018 года ў Казахстане шматдзетныя сем’і фактычна пазбавіліся права на атрыманне і без таго мізэрнай грашовай падтрымкі. Міністр працы і сацыяльнай абароны Казахстана Святлана Жакупава ў сакавіку 2018 года пісала, што згортванне падтрымкі шматдзетных сем’яў мае на мэце “узмацненне эканамічнай самастойнасці і асабістай матывацыі грамадзян для выхаду з цяжкай жыццёвай сітуацыі”. На практыцы “рэформа” выявілася ў тым, што сем’і з 4 і 5 дзецьмі не атрымліваюць ніякай дапамогі, калі штомесячны прыбытак на кожнага члена сям’і перавышае 14142 тэнге (каля 40 долараў ЗША ў пераліку). Акрамя гэтага, шматдзетныя сем’і у Казахстане фактычна не маюць магчымасці палепшыць свае жыллёвыя ўмовы праз адсутнасць яснай жыллёвай палітыкі, бюракратычныя перашкоды і карупцыю. Менавіта гэта і справакавала казахаў на выказванне сваёй незадаволенасці сацыяльнай палітыкай дзяржавы.

Для разумення сур’ёзнасці сітуацыі дастаткова паглядзець шматлікія відэаролікі, на якіх шматдзетныя маці эмацыйна выказваюць прэтэнзіі ў твар высокапастаўленым казахскім чыноўнікам. Нешта падобнае па накале жарсцяў беларусы назіралі ў пачатку 2017 года, калі грамадства змагалася супраць першай рэдакцыі адыёзнага Дэкрэта “Аб сацыяльным утрыманстве”. Бывае так, калі шматтысячная акцыя апазіцыі не палохае рэжым у такой ступені, як выхад на плошчу некалькіх сотняў абураных грамадзянаў, якія, аднак, ведаюць, што за імі – мільёны.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ