Рэчыцкая “тэхнічная памылка”



У канцы сакавіка грамадскасць абурылася інфармацыяй пра тое, што рашэннем Рэчыцкага раённага Савета дэпутатаў вуліца Адама Міцкевіча была перайменаваная ў гонар чэкіста Яўгена Міцкевіча. Для тых, хто прымаў такое рашэнне, без усялякага сумневу, няма вялікай розніцы паміж абодвума Міцкевічамі. Яны, напэўна, надта здзівіліся, што іх авантуру ўвогуле заўважылі. Зрэшты, і сам факт наяўнасці грамадскасці, якая абурылася дзеяннямі так званых дэпутатаў, аказаўся для прадстаўнікоў рэчыцкай вертыкалі, відаць, яшчэ большым сюрпрызам. Беларускія чыноўнікі і дэпутаты прызвычаіліся жыць у камфортных умовах, калі іх рашэнні і вынікі працы не ацэньваюцца грамадствам. Але здараюцца выпадкі, калі дзве рэальнасці (чыноўніцкая) і грамадская судакранаюцца. Як у выпадку з перайменаваннем вуліцы Міцкевіча ў Рэчыцы.

У адказе на калектыўны зварот рэчыцкія чыноўнікі адпісалі, што замацаванне за адной з гарадскіх вуліц імя бальшавіка, аднаго з пачынальнікаў савецкай улады ў Рэчыцы Яўгена Міцкевіча, адбылося на законных падставах. Маўляў, з архіўнай выпіскі з пратаколу пасяджэння 1959 года Рэчыцкага райсавета дэпутатаў вынікае, што першапачаткова мелася на ўвазе менавіта асоба ўраджэнца Украіны Яўгена Міцкевіча, а не сусветна вядомага паэта родам з беларускай Наваградчыны Адама Міцкевіча. Паведамляецца, што ў 2015 годзе ў выніку “недакладнасці” вуліца была названая ў гонар Адама Міцкевіча. Згодна пазіцыі ўладаў, вяртанне імя Яўгена Міцкевіча ў 2019 годзе з’яўляецца выпраўленнем “тэхнічнай памылкі”.

Але сам факт “блытаніны” паказвае, што сітуацыя ўзнікла не на пустым месцы, а з’яўляецца вынікам нябачных нацыябудаўнічых працэсаў. Паказальна, што з 1959 года фанатаў савецкай спадчыны, якія ведаюць імёны і біяграфіі сваіх герояў, практычна не засталося. Невыпадкова, што прадстаўнікі ўлады ў 2015 годзе, калі пазначалі ў дакументах імя Адама Міцкевіча, не памяталі ў гонар каго была названая былая вуліца Руднянская першапачаткова. Нават многія жыхары Рэчыцы ў абмеркаваннях навіны пра перайменаванне шчыра здзіўляліся таму, што, аказваецца, меўся на ўвазе не паэт Міцкевіч, а нейкі бальшавіцкі дзеяч. На гэтым фоне абсалютна разумна было б прыслухацца да меркавання грамадскасці, але ўлады заўпарціліся. У мясцовым раённым выданні “Дняпровец” выйшаў артыкул, у якім гларыфікуецца чэкіст Яўген Міцкевіч. Выглядае на тое, што мясцовыя вертыкальшчыкі спрабуюць трымаць нюх па ветру, уважліва назіраюць за тым, як адзін міністр унутраных справаў дэфілюе ў форме НКУС, а кіраўнік дзяржавы высаджвае дрэвы на Лініі Сталіна.

Выпадак з вуліцай Міцкевіча паказвае, што ў Беларусі выспяваюць канфлікты ў сферы палітыкі памяці. Улады супрацьстаяць спробам перагляду камуністычнага этапу гісторыі краіны, чапляюцца за сімвалы савецкага мінулага, нягледзячы на тое, што з кожным годам пашыраецца кола людзей, прыхільных да ідэі ўшанавання асобаў, звязаных з гісторыяй Беларусі. Аднак далейшае імкненне вертыкальшчыкаў захоўваць статус-кво ў тапаніміцы беларускіх гарадоў ў выніку прывядзе да абвастрэння супрацьстаяння. Адзіным рэцэптам для вырашэння гэтай праблемы ёсць шырокая грамадская дыскусія, але на такі крок, улады Беларусі, відавочна, не гатовыя. Таму ўласна беларускім дзеячам гісторыі будуць і надалей адводзіцца сціплыя месцы ў спальных мікрараёнах і на ўскраінах гарадоў. А вуліцы і праспекты ў цэнтральных частках па-ранейшаму будуць праслаўляць адыёзных дзеячаў мінулага.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ