Рэканструкцыя помніка „блудліваму казлу”



У Беларусі, калі верыць уладам, часта няма грошай на аднаўленне помнікаў архітэктуры, на беларускамоўныя класы альбо на перайменаванне вуліц у гонар нацыянальных герояў. У нашых гарадах вуліца Слуцкіх паўстанцаў альбо праспект Палуты Бадуновай не могуць з’явіцца менавіта па прычыне браку фінансаў. Але, дзіўная справа, на рэканструкцыю помнікаў камуністычным балванам сродкі заўжды знаходзяцца. Жыхары Менску ў апошнія дні могуць бачыць дзіўную інсталяцыю ля гарадскога парка Чалюскінцаў. Ля помніка ўсесаюзнаму старасту Калініну з’явіўся ці тое шацёр, ці тое парнік з поліэтылену. Цікаўны народ пачаў шукаць інфармацыю. Аказалася, што гарадскія ўлады пачалі аднаўленне гэтага помніка. Цана пытання: 62,5 тысячаў долараў. Некаторыя падлічылі, што за гэтыя грошы можна было паставіць 5 помнікаў Тадэвушу Касцюшку, аналагічных таму, што з’явіўся сёлета ў фальварку Мерачоўшчына, ці нават набыць трохпакаёвую кватэру для шматдзетнай сям’і па лініі метро. Але лічыць дзяржаўныя грошы ў нас не прынята. Таму ў людзей, якія абвяшчалі тэндэр, нават пытання не паўстала, што нешта з каштарысам не так.

Падавалася, што са “стагоддзем камсамола” ўвесь камуністычны трэш закончыўся. Але рана радаваліся. На чарзе – аднаўленне помніка расейскаму рэвалюцыянеру Міхаілу Калініну, чый подпіс стаіць пад пастановай, якая забяспечыла прававыя падставы для рэпрэсій у дачыненні да так званых ворагаў народу ў 1930-х гадах. Увогуле кейс з гэтым помнікам – чарговы індыкатар неадэкватнасці ўладаў, якія з кожным месяцам усё больш аддаляюцца ад рэчаіснасці.

У Міхаіла Калініна — тыповая бальшавіцкая біяграфія. Да рэвалюцыі ён бясконца сядзеў у турмах, пасля рэвалюцыі саджаў. Былі за ім, як сцвярджаюць сучаснікі, і мноства іншых грахоў. Праз нястрыманасць Калініна да маладых балерын, ткачых і калгасніц яго нават называлі не «ўсесаюзным старастам», а ўсесаюзным «блудлівым казлом». Яшчэ гадоў трыццаць таму чалавека са знешнасцю добрага дзядулі шанавалі ўсяляк партыйныя органы і камсамол. Пасля падзення камунізму на яго практычна забыліся. Але толькі не ў Менску.  Рэканструкцыя помніка «ўсесаюзнаму старасту» — гэта, канешне, не ўсталяванне помніка Сталіну ці якому-небудзь Івану Жахліваму, як тое адбываецца ў суседняй Расеі. Так што, падставы для стрыманага аптымізму ўсё-такі ёсць.

Але рэканструкцыя помніка Калініну – нішто ў параўнанні з мітуснёй уладаў вакол іншай скульптуры, якая, без усялякага сумневу, застанецца ў памяці народа сімвалам міліцэйскага бязмежжа і гістарычнага бяспамяцтва. Прэс-служба сталічнай міліцыі выклала відэаролік, на якім падлетак публічна выбачаецца за тое, што пакрыўдзіў помнік гарадавому. Гаворка ідзе пра тое, што юнак, праходзячы міма шматпакутнага расейскага жандарма, даў яму лёгкую поўху. Гэта можна пры праглядзе відэа кваліфікаваць як жэст удзячнасці. Але патрульныя міліцыянты палічылі інакш. Яны затрымалі малагадовага “правапарушальніка”, аформілі на яго “адміністратыўку” і знялі на камеру ягоныя выбачэнні пра “тое, што ў помніка вялікая гісторыя, якую ён мог сваім учынкам забрудзіць”. Сапраўды, у помніка “вялікая гісторыя”. То на яго насікае які-небудзь сабачка, а ягонага гаспадара міліцыянты цягнуць за гэта ў пастарунак. То анархісты накінуць пятлю. Помнік не прастаяў у беларускай сталіцы і года, але ў яго ўжо з’явілася шмат “прыхільнікаў”…

Увогуле выбачэнні перад помнікам – гэта яшчэ тое ноў-хаў. На гэтым фоне блякла выглядаюць нават рэаліі Чачні, жыхароў якой часта прымушаюць выбачацца за “непаважлівае стаўленне” да Рамзана Кадырава. Правадыр чачэнцаў, прынамсі, жывы чалавек. А тут – укленчанне перад балванам. Ды яшчэ дарэвалюцыйным. І ўсё гэта шчасце за грошы падаткаплацельшчыкаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ