Рэжым у Беларусі перастае быць імітацыйнай дэмакратыяй



Змяненне правілаў назірання на будучых выбарах прэзідэнта, якія агучыла кіраўнічка Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына 22 ліпеня на адмысловым пасяджэнні, азначае вельмі сумную перспектыву для мільёнаў беларусаў, якія спадзяваліся на празрысты і сумленны падлік галасоў. Хоць гэтая вера была шмат у чым наіўнай, але ўсё-такі пэўныя спадзяванні на тое, што сёлетняя кампанія будзе адрознівацца ад ранейшых, мелі месца. Нягледзячы на адсутнасць адкрытых сацыялагічных дадзеных пра актуальныя рэйтынгі прэтэндэнтаў, настрой у грамадстве дастаткова лёгка вымяраецца па масавым удзеле грамадзянаў у пікетах альтэрнатыўных кандыдатаў. Відавочна, улады сутыкнуліся з самым сур’ёзным крызісам легітымнасці за амаль чвэрць стагоддзя. Калі раней законнасць знаходжання ва ўладзе кіраўніка дзяржавы аспрэчвалася ў асноўным традыцыйнай апазіцыяй, якая не складала большасці насельніцтва, то цяпер гаворка ідзе пра масавае непрыняцце кіраўнічай групоўкі. Ці, калі казаць больш карэктна, большасць насельніцтва яўна сімпатызуе тым лідарам, якія абяцаюць перамены. Акрамя гэтага, падчас дадзенай кампаніі нечакана з’явіліся альтэрнатыўныя прэтэндэнты, якія ўпершыню за доўгі час апелююць да большасці і гуляюць паспяхова на электаральным полі дзейнага кіраўніка дзяржавы. У сукупнасці гэтыя фактары абумовілі незвычайную палітызацыю масаў і запыт у народа на перамены.

Лідзія Ярмошына бесцырымонным рашэннем увяла квоту на колькасць назіральнікаў на выбарчых участках. Цяпер назіраць за працэсам галасавання змогуць на адным участку максімум пяцёра назіральнікаў у асноўны дзень галасавання, падчас датэрміновага галасавання — максімум тры асобы. Такія захады ЦВК патлумачыў “складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй”. У дадзенай заяве выклікае цікавасць менавіта беспардоннасць, з якой улады выкарыстоўваюць пандэмію каронавірусу дзеля сваіх патрэбаў. Для адмены параду ў афіцыйны Дзень Незалежнасці альбо пераносу “Славянскага базару” падставаў няма, бо “каронавірус пераможаны”. А вось для недапушчэння шырокага кола незалежных назіральнікаў да працэсу кантроля за волевыяўленнем кавід спатрэбіўся.

Не трэба да варажбіткі хадзіць, каб зразумець, што ў лік акрэдытаваных назіральнікаў не трапяць прадстаўнікі трох альтэрнатыўных штабоў і прыхільнікі традыцыйнай апазіцыі. Месцы па факце будуць зарэзерваваныя для сябраў праўладных арганізацый кшталту БРСМ, “Белай Русі” і г.д. А вось гэта ўжо зусім новы ўзровень аўтарытарызму. Калі раней палітолагі адносілі Беларусь да квазідэмакратыі альбо імітацыйнай дэмакратыі з устойлівай аўтарытарнай тэндэнцыяй, то цяпер, можна сказаць, пастаўленая кропка. Ніякай імітацыі. Выбары ў Беларусі перастаюць увогуле існаваць як інстытут. Адметна, што рашэнне пра недапушчэнне незалежнага назірання наўпрост супярэчыць Канстытуцыі. У прыватнасці, артыкулу 64 Канстытуцыі, з якога вынікае: “Любое прамое або ўскоснае абмежаванне выбарчых правоў грамадзянаў у іншых выпадках з’яўляецца недапушчальным і караецца згодна з законам”. А права назіраць таксама непасрэдна адносіцца да катэгорыі выбарчых правоў. А ў артыкуле 65 асноўнага закону ўвогуле сцвярджаецца: “Падрыхтоўка і правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта і галосна”.

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ