Што азначае ад’езд Віктара Шэндэровіча з Расеі?



Расейскі пісьменнік Віктар Шэндэровіч вырашыў пакінуць краіну ў звязку з пераследам. Рашэнне пра эміграцыю было прынята пасля таго, як на яго падалі ў суд юрысты набліжанага да Крамля бізнесоўца Яўгена Прыгожына. Сутнасць справы заключаецца ў тым, што Віктар Шэндэровіч, выступаючы на адным з эфіраў ліберальнай радыёстанцыі “Эхо Москвы”, назваў прадпрымальніка Прыгожына “крымінальнікам” і “забойцам”. Справа ў тым, што чалавек, на адрас якога прагучалі дадзеныя выказванні, паводле ўскосных дадзеных, можа з’яўляцца адным з ключавых арганізатараў так званых прыватных вайсковых кампаній у РФ, якія прынялі ўдзел у мностве ўзброеных канфліктаў апошніх гадоў. У прыватнасці, шэрагам крыніц сцвярджаецца яго датычнасць да арганізацыі ПВК “Вагнер”, баевікі якой адзначыліся акцыямі на ўсходзе Украіны, у Сірыі, Венесуэле і некалькіх лакальных канфліктах афрыканскага кантыненту. Такім чынам, выказаўшыся на адрас Яўгена Прыгожына, Віктар Шэндэровіч насамрэч замахнуўся на адно з апірышчаў цяперашняга пуцінскага рэжыму.

Разумеючы выдатна тое, якім будзе вынік судовага працэсу, публіцыст не стаў чакаць заключэння пад варту. Тым больш, згодна расейскаму заканадаўству, крымінальны артыкул, па якім абвінавацілі Шэндэровіча, прадугледжвае да 5 гадоў зняволення. “Я прыняў рашэнне перачакаць звонку”, – піша Віктар Шэндэровіч на сваёй старонцы ў ФБ. – Пакуль гэты Прыгожын тут эліта, а я, стала быць, працягну выконваць функцыю замежнага агента – у далечыні ад радзімы, затое без напысніка”. Сатырык паабяцаў, што працягне займацца сваёй дзейнасцю і будзе надалей з’яўляцца ў эфіры расейскіх апазіцыйных СМІ.

Ад’езду Віктара Шэндэровіча з Расеі папярэднічала таксама ўнясенне яго ў рэестр СМІ – “замежных агентаў”. Такі статус надаецца ў РФ некамерцыйным арганізацыям, СМІ, фізічным асобам, якія нібыта атрымліваюць замежнае фінансаванне і займаюцца палітычнай дзейнасцю ўнутры Расеі. Стаўшы “замежным агентам”, Віктар Шэндэровіч быў абавязаны, згодна расейскаму заканадаўству, суправаджаць кожны свой публічны допіс у сацыяльных сетках абразлівай шапкай пра тое, што “тэкст паведамлення падрыхтаваны замежным агентам”. Цікава, што прысваенне гэтага статуса адбывалася адначасова з заявай прыгожынскіх юрыстаў пра юрыдычны пераслед Шэндэровіча за ягоныя крытычныя выказванні. Сінхроннасць дзеянняў сведчыць пра тое, што атака на вядомага апазіцыянера, які не пакідаў Расею да апошняга, была яўна скаардынаванай. Віктар Шэндэровіч – адзін з палітычных доўгажыхароў РФ, стрэсаўстойлівасці якога могуць пазайздросціць многія апазіцыянеры на ўсім свеце. Нягледзячы на шматлікія судовыя позвы, пагрозы, штрафы і кампаніі дыскрэдытацыі, ён працягваў працаваць у Расеі, не асабліва пераймаўся самацэнзурай, калі даваў ацэнкі расейскаму кіраўніцтву. Адпаведна, ягоная імклівая і нечаканая эміграцыя – адназначны сігнал пра тое, што ў бліжэйшы час Крэмль пойдзе на ліквідацыю апошніх парэштак грамадзянскай супольнасці і свабодных медыяў. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ