Што азначае для ўлады Беларусі антыпатыя ўкраінцаў?



Сацыялагічная служба “Рэйтынг” ва Украіне правяла агульнанацыянальнае даследаванне на тэму сімпатый грамадства ў дачыненні да замежных лідараў. Цалкам прадказальна, кіраўнікі РФ і РБ узначалілі антырэйтынг. Калі да Уладзіміра Пуціна ставяцца адмоўна 98% украінцаў, то да Аляксандра Лукашэнкі негатыўныя адчуванні маюць 96% рэспандэнтаў з Украіны. У сваю чаргу, самую высокую падтрымку ва ўкраінцаў мае прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда – 92%. Нягледзячы на падабенства ва ўспрыманні Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў вачах украінцаў, аднак, ёсць пэўныя адрозненні. Калі віна першага практычна не аддзяляецца ад стаўлення да расейскага народу, які з пункту гледжання ўкраінцаў вінаваты ў вайне. То ў дачыненні да беларусаў украінцы ставяцца значна лепш, не распаўсюджваючы таго негатыву, які яны адчуваюць у дачыненні да ўлады РБ.

Раней Аляксандр Лукашэнка сапраўды меў шалёную падтрымку сярод украінцаў. Для пераканання ў гэтым не трэба нават было праводзіць складаныя сацыялагічныя даследаванні. Дастаткова было паразмаўляць з украінцамі на рынку, у грамадскім транспарце, у кавярні, на пляжы, на Усходзе ці нават у “бандэраўскім” Львове. Так атрымалася, што ў аснове невытлумачальнай любові суседзяў да беларускага аўтарытарнага кіраўніка супалі некалькі момантаў. Па-першае, украінцы традыцыйна добра ставяцца ў асноўнай масе да беларусаў, а чалавек з характэрнымі для беларуса вусамі не можа не падабацца апрыёры. Па-другое, жыхароў Украіны часта скарала рэнамэ Аляксандра Лукашэнкі як моцнага гаспадарніка. Яны мала звярталі ўвагу на ўнутрыбеларускія разборкі, затое шчыра захапляліся добрымі дарогамі, сельскай гаспадаркай і захаванымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Па-трэцяе, уменне кіраўніка Беларусі дзесяцігоддзямі выбіваць з Крамля сродкі, пры гэтым захоўваючы рэзкасць у стасунках з Масквой, падабалася нават украінскім нацыяналістам. І гэтыя суб’ектыўныя высновы пацвярджаліся штогод сацыялогіяй, што вельмі падабалася беларускаму аўтакрату. Ён любіў даваць інтэрв’ю ўкраінскім журналістам і з задавальненнем, калі запрашалі, ездзіў ва Украіну. Аднак пасля 2019 года, як сведчаць сацыялагічныя раскладкі, рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі ва Украіне няўхільна ішоў уніз, дайшоўшы да крытычнага ў 2022. Першай прычынай падзення рэйтынгу сталі падзеі 2020 года ў Беларусі, калі ўкраінцы проста былі ў шоку ад маштабу рэпрэсій у дачыненні да мірных дэманстрантаў. Наступны пералом ва ўспрыманні афіцыйнага кіраўніка Беларусі адбыўся ў звязку з ягонай падтрымкай агрэсіі РФ супраць Украіны ў 2022 годзе.

У апошніх сацыялагічных звестках “Рэйтынгу” няма нічога добрага для кіраўніцтва Беларусі па трох прычынах. Па-першае, 96% адмоўнага стаўлення да Аляксандра Лукашэнкі азначае, што гэты трэнд не зменіцца ўжо ні пры якіх абставінах. Што б не рабілі прадстаўнікі афіцыйнага Менску, украінцы ім не даруюць таго, што з тэрыторыі Беларусі зайшла вайсковая тэхніка ворага. Па-другое, Аляксандр Лукашэнка ў вачах украінцаў увасабляе сабой тую мадэль дзяржаўнага кіравання, якая непрымальная для іх з нядаўняга часу. Гэта значыць, мы назіраем адмоўнае стаўленне да патэрналісцкай дзяржавы і аўтарытарнага стылю кіравання. Па-трэцяе, пасля перамогі Украіны, якая з’яўляецца справай часу, паўстане пытанне наладжвання стасункаў з Беларуссю. І ў дадзеным кантэксце знаходжанне на чале краіны чалавека, да якога ставяцца адмоўна 96% рэспандэнтаў з Украіны, стане, мякка кажучы, вялікай праблемай. У перспектыве выбудоўваць здаровыя эканамічныя і палітычныя адносіны з вельмі важнай дзяржавай, якой для Беларусі з’яўляецца Украіна, будзе проста немагчыма, калі ў Беларусі не адбудуцца палітычныя перамены.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ