Што могуць зрабіць беларусы, каб захаваць адносіны з украінскім народам
Ад любові – да нянавісці. З кожным днём злачыннай вайны, развязанай Пуціным ва Украіне, расце непрыязнь шараговых украінцаў да беларусаў. Калісьці сяброўскі нам народ, які з вялікай сімпатыяй ставіўся да беларусаў, пасля некалькіх дзён пякельных баёў з рэгулярнай расейскай арміяй пачаў выказвацца наконт таго, што нашая краіна выкарыстоўваецца ў якасці плацдарму для нападу. У сацыяльных сетках — шквал паведамленняў, напісаных на мове нянавісці, у якіх беларусаў называюць “здраднікамі”. І гэта самае цэнзурнае паведамленне. Можна, вядома, наракаць на эмацыйнасць украінцаў, якія не надта разбіраюцца ў нюансах унутрыпалітычнай кухні Беларусі, але факт застаецца фактам: незалежна ад вынікаў вайны усеагульныя любімцы беларусы на постсавецкай прасторы ды і ў Еўропе будуць асацыявацца з шалёнымі агрэсарамі.
Відавочна, масавая крыўда ўкраінцаў, гарады якіх знішчаюцца градамі і авіяцыяй, апраўданая. Калі людзі ў роспачы, то тут не да цвярозага аналізу. Улічваючы таксама інфармацыйныя спецаперацыі Крамля, ясна, што задача расейскіх прапагандыстаў — у тым, каб убіць клін паміж украінцамі і беларусамі. Адпаведна, робіцца ўсё, каб справядлівы гнеў суседзяў абрынуўся на тых, хто і так знаходзіцца пад ударам.
Ці варта крыўдаваць на эмацыйныя выпады ўкраінцаў у дачыненні да беларусаў? Зразумела, беларусам, якія і так пацярпелі ад уласнага дыктатарскага рэжыму, крыўдна несці калектыўную адказнасць за злачынствы, што яны не рабілі. Аднак нават разумеючы гэта, усё роўна сам факт прыналежнасці да беларускага грамадзянства ў постваенных умовах будзе крыніцай пастаянных стрэсаў і абгрунтаванай непрыязні з боку многіх народаў. Пусціўшы на сваю зямлю расейскую армію, беларусы сталі саўдзельнікамі ваеннага злачынства. І як гэта ні прыкра, будзем усе разам несці цяжар не адно яшчэ пакаленне.
Што могуць зрабіць шараговыя беларусы, каб неяк змяніць сітуацыю? З улікам таго, што магчымасці для адкрытага пратэсту вельмі абмежаваныя, на што ўказвае хаця б колькасць затрыманых за антываенныя акцыі ў апошнія дні, застаецца толькі весці інфармацыйную работу сярод беларускага насельніцтва і сярод знаёмых, сваякоў і сяброў з Украіны. Беларусам, якія ў той ці іншай ступені не ведаюць, што рэальна адбываецца ва Украіне, трэба церпяліва даводзіць факты злачынстваў пуцінскага рэжыму. Пажадана з відэадоказамі і фотаздымкамі. Калі нехта мае знаёмых ва Украіне, трэба з імі тэрмінова звязацца, падтрымаць і патлумачыць нашую сітуацыю. Без вялікіх шансаў на разуменне, але, прынамсі, паспрабаваць. Дзеля будучыні наступных пакаленняў.