Што паказалі Лукашэнку егіпцяне



Кіраўніку беларускай дзяржавы падчас афіцыйнага візіту ў Егіпет паказалі будучую сталіцу гэтай арабскай краіны, якая будуецца ў 50 км ад перанаселенага Каіра. СМІ растыражавалі выказванне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ў Егіпце таксама можна развіваць хакей. На фоне абсурднай навіны пра егіпецкіх хакеістаў сам факт наведвання Аляксандрам Лукашэнкам Новага Каіра разам з прэзідэнтам Егіпта Абдель Фатахам ас-Сісі неяк прайшоў досыць незаўважна. А дарма.

Аляксандр Лукашэнка, калі прааналізаваць паведамленні афіцыйнай агенцыі БЕЛТА, з вялікай цікавасцю паназіраў за тым, як у вельмі хуткія тэрміны будуецца новая сталіца Егіпта. Плануецца, што ў бліжэйшыя гады там з’явяцца 20 новых жылых раёнаў на 6,5 млн чалавек, некалькі тысяч установаў адукацыі, медычныя ўстановы, пасольствы замежных дзяржаваў, аэрапорт і чыгунка. На гэты момант, калі паглядзець фотаздымкі, зроблена насамрэч шмат: пампезныя будынкі ў неакаланіяльным стылі з элементамі хай-тэк, велічныя інфрастуктурныя і спартовыя аб’екты. Словам, недазваляльная раскоша для беднай афрыканскай краіны, дзе 80 % насельніцтва ледзьве зводзіць канцы з канцамі. Але праблема арабаў фараона не хвалюе. Таму егіпецкі аўтакрат Абдель Фатахам ас-Сісі з выдаткамі не лічыцца. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, зусім не дэмаграфічныя і эканомічныя перадумовы паўплывалі на рашэнне егіпецкага лідара пра затратны перанос сталіцы дзяржавы. Цалкам магчыма, што гэтая ініцыятыва абумоўленая імкненнем ізаляваць цэнтр улады ад магчымых масавых пратэстаў у будучыні. А вось гэты матыў якраз вельмі зразумелы ягонаму беларускаму калегу.

У 2016 годзе тагачасны старшыня ТБМ Алег Трусаў накіраваў у Савет Міністраў Беларусі прапанову аб пераносе сталіцы ў старажытны горад Полацк. У дакуменце праект пераносу суправаджаўся гістарычнай даведкай, з якой вынікала, што сталічны статус Менск займеў цалкам выпадкова. У тэксце таксама гаварылася пра тое, што імклівае разрастанне цяперашняй сталіцы – прамая пагроза беларускай дзяржаўнасці праз дыспрапорцыю насельніцтва Менска і рэгіёнаў. Цікава, што ў тым дакуменце была прыведзеная прарочая лічба ў 2 млн чалавек – прагназаваная колькасць насельніцтва сталіцы ў 2020 годзе, калі ўлады тэрмінова не перагледзяць горадабудаўнічую палітыку і не правядуць адміністрацыйную рэформу. Супадзенне альбо не, але днямі Белстат якраз апублікаваў звесткі апошняга перапісу, з якога вынікае, што колькасць насельніцтва Менска перавысіла 2 млн чалавек. 

Прадстаўнікі ТБМ у прапанове пра перанос сталіцы распісалі таксама прыблізны план па пераўтварэнні Полацка ў сталічны цэнтр. Спачатку трэба было вярнуць абласны статус гэтаму гораду, потым пабудаваць паміж Полацкам і Наваполацкам архітэктурны цэнтр у сучасным стылі. Далей меліся рэалізавацца амбіцыйныя інфраструктурныя праекты, у тым ліку пабудова рачнога порта і сучаснай аўтамагістралі Менск-Полацк. На гэты ліст ад ТБМ Савет міністраў даў грунтоўны адказ, з якога вынікала, што пытанне пераносу сталіцы не прадугледжанае заканадаўствам. Для рэалізацыі падобнай задумы патрэбна ініцыяваць змяненні ў Канстытуцыі, у прыватнасці, паправіць артыкул 20, дзе прапісаны сталічны статус Менска. Згодна беларускаму заканадаўству, любыя праўкі ў асноўны закон РБ могуць уносіцца толькі прэзідэнтам, дзьвюма палатамі парламенту альбо праз збор подпісаў 450 тысяч грамадзянаў. Першыя два варыянты не выклікаюць асаблівай цяжкасці для цяперашняй улады. Так што, няма нічога немагчымага.

На гэты момант любыя размовы пра імавернасць пераносу сталіцы з Менску ў які-небудзь іншы горад Беларусі выглядаюць недарэчнай фантазіяй. Аднак што замінае чалавеку, які паверыў у сваю выключную ролю стваральніка незалежнай дзяржавы, здзейсніць яшчэ адзін эфектны ўчынак, які дапаможа яму ўвайсці ў гісторыю. Адным махам можна і паставіць на месца “нахабных менчукоў”, і ўвекавечыць сваё імя ў якасці беларускага фараона. Забаўна, што ў Беларусі вось ужо некалькі год курсуюць размовы пра магчымыя змяненні Канстытуцыі. Таму вялікім сюрпрызам для апанентаў улады стане вынясенне на рэферэндум пытання, скажам, не пра перагляд паўнамоцтваў прэзідэнта, а пра перанос сталіцы ў Полацк ці, напрыклад, у Бабруйск.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ