Што рабіць з дыктатарскай Канстытуцыяй?



Назіранне за хадой выбарчай кампаніі 2020 году дазваляе зрабіць выснову пра тое, што ў беларускім грамадстве сфармавалася крытычная маса людзей, якія выступаюць за змяняльнасць улады. На шматлікіх пікетах тысячы грамадзянаў гавораць адну фразу слова ў слова: “Хто заўгодна, толькі не ён”. Гэта азначае, што грамадства даспела да таго, каб зноў вярнуць выбары як інстытут змены ўлады. Але гэта зусім не абазначае аўтаматычнага разумення таго, што на замену аднаму аўтакрату зможа прыйсці іншы. Хаця б таму, што цяперашнія паўнамоцтвы прэзідэнта можна параўнаць з царскімі. І няма гарантыі, што новы кіраўнік, які ідзе на выбары пад дэмакратычнымі лозунгамі, не ўвойдзе ў смак праз некалькі дзён знаходжання на пасадзе.

Пытанне „вяртання да Канстытуцыі ўзору 1994 году” нечакана набывае папулярнасць на сёлетніх „вырабах”. За апошнія некалькі месяцаў чуў з дзясятак выказванняў на гэтую тэму ад розных дэмакратычных прэтэндэнтаў, у тым ліку ад тых, хто сышоў з дыстанцыі. Але мне здаецца, што ў падобных абяцаннях ёсць доля недагаворанасці, бо тая Канстытуцыя стала падмуркам беларускага аўтарытарызму, які досыць эфектыўны і праз чвэрць стагоддзя з моманту ўсталявання. Не пра вяртанне да Канстытуцыі 1994 году трэба казаць, а пра канстытуцыйную рэформу, якая не дасць наступным прэзідэнтам магчымасці стаць узурпатарамі.

Той факт, што ў Канстытуцыі 1994 году ўводзілася пасада моцнага прэзідэнта, але пры гэтым не прадугледжвалася ясная працэдура імпічменту і не забяспечваліся механізмы абароны дэпутатаў, якія рэалізуюць гэтую працэдуру, робіць яе дыктатарскай аўтаматычна. І ніякія прыгожыя фармулёўкі пра падзел улады не з’яўляюцца стрымліваючым фактарам для патэнцыйных узурпатараў.

Былы старшыня Чарнобыльскай камісіі Вярхоўнага Савету ХІІІ склікання Віктар Хоміч у нядаўняй размове выказаўся, што ніводзін з прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла не гаворыць пра тое, як стварыць канстытуцыйны механізм, каб не дапусціць дыктатуру ў будучыні. Калі на месца дзейнага кіраўніка дзяржавы прыйдзе іншы чалавек, ён, маючы ў руках неабмежаваныя паўнамоцтвы, прадугледжаныя цяперашняй рэдакцыяй Канстытуцыі, можа пераўтварыцца ў чарговага дыктатара. Для аднаўлення канстытуцыйнасці можна было б надаць паўнамоцтвы дэпутатам ВС ХІІІ склікання, якія дапрацуюць Канстытуцыю з улікам таго, каб у выпадку чаго максімальна спрасціць працэдуру імпічмента. Ці, калі гэта немагчыма па аб’ектыўных прычынах, правесці парламенцкія выбары. Новы склад дэмакратычна абранага парламенту мог бы абраць Канстытуцыйную камісію, якая б занялася гэтым пытаннем. У любым разе, хоць мы пакуль што займаемся дзяльбой шкуры яшчэ жывога мядзведзя, задумвацца пра недапушчэнне новай тыраніі варта ўжо цяпер.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ