Што страціла Расея з забойствам Нямцова?



На мінулых выходных каля 20 тысяч жыхароў Масквы выйшлі на жалобную акцыю памяці ў гонар апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова. З моманту гібелі гэтага чалавека прайшло пяць гадоў, але дагэтуль яго імя здольнае мабілізаваць людзей на акцыю пратэста. На мерапрыемстве побач з расейскімі трыкалорамі (нечуваная справа для пуцінскай Расеі апошніх гадоў!) луналі ўкраінскія сцягі. І гэта невыпадкова. Лічыцца, што забойства аднаго з найбольш яркіх лідараў дэмакратычнага руху ў Расеі, якое адбылася прама ля сценаў Крамля, наўпрост звязанае з ягоным расследаваннем расейскага вайсковага ўварвання ва Украіну ў 2014 годзе.

Паводле афіцыйнай версіі, Барыса Нямцова забіў чачэнскі афіцэр спецназу Заур Дадаеў, які ў перыяд забойства быў у адпачынку – рыхтык як шматлікія расейскія адпускнікі ў Данбасе і Сірыі ў апошніх вайсковых канфліктах. А вось імавернага замоўцу палітычнага забойства следчыя не знайшлі. Ды і сумнеўна, што шукалі ўвогуле. Паказальна, што і выканаўца злачынства адчувае сябе ў месцах зняволення не так ужо блага. Некалькі тыдняў таму публікаваліся фотаздымкі з адной з расейскіх турмаў, на якіх адзнятае застолле ў гонар забойцы Дадаева. Мяркуецца, што ён сам выклаў фотаздымкі ў сацыяльную сетку са свайго гаджэту.

Барыс Нямцоў – вельмі нетыповая постаць для расейскага палітыкума, дзе нават галоўныя лібералы дазваляюць сабе час ад часу праявы шавінізму ў дачыненні да постсавецкіх рэспублік. Былы навуковец-фізік зрабіў імклівую кар’еру на пераломе 1980-х – 1990-х гадоў, быў віцэ-прэм’ерам расейскага ўраду, ледзьве не стаў пераемнікам састарэлага Барыса Ельцына. Шараговыя расейцы запомнілі ў асноўным ініцыятыву Нямцова па перасаджванні высокіх чыноўнікаў на ўрадавыя “Волгі” айчыннай вытворчасці. Але ў капілцы дасягненняў палітыка – пераўтварэнне адной з найбольш адсталых у эканамічным плане Ніжагародскай губерніі ва ўзорны расейскі рэгіён, за паўтара года знаходжання ва ўрадзе ён не аддаў японцам Курыльскія выспы, захаваў у нацыянальнай уласнасці “Газпрам”, увёў дэкларацыі прыбыткаў чыноўнікаў, пабудаваў некалькі тысяч км дарог. Барыс Нямцоў аматарам СССР любіў прыводзіць у прыклад асабістую гісторыю пра тое, як ён, заступіўшы на пасаду губернатара Ніжагародскай вобласці, заспеў дэфіцыты, 17 відаў талонаў на тавары, чэргі… Ягоная жонка займала чаргу на малако для дачкі а 4-й раніцы. Калі гэтыя аргументы не спрацоўвалі, Барыс Яфімавіч без лішняй дыпламатыі пасылаў сваіх непрабівальных візаві на тры літары разам з іх улюбёным “саўком”, але рабіў гэта без злосці і з усмешкай на твары.

Сярод цяперашніх апанентаў Уладзіміра Пуціна ёсць крытыкі ягонай знешняй палітыкі, выкрывальнікі карупцыі, лібералы і нацыяналісты, але няма ніводнага чалавека маштабу Барыса Нямцова. У палітычным бестсэлеры “Споведзь бунтара”, напісанай Паўлам Шараметам у суаўтарстве з Барысам Нямцовым, узгадваюцца абставіны выбару пераемніка Барысам Ельцыным. Паводле Нямцова, ён паўжартам раіў кіраўніку расейскай дзяржавы ніколі не рабіць выбар на карысць мужчын маленькага росту, якія часта маюць паганы характар. Аднак Ельцын да гэтай парады не прыслухаўся і выбраў, як піша сатырык Віктар Шэндэровіч, чалавека, які “ва ўсіх сэнсах ніжэй за яго”. Вынікі гэтага выбару постсавецкая прастора адчувае дагэтуль. На пахаванні Барыса Нямцова апазіцыйны публіцыст Сяргей Бунтман сказаў, што яму хацелася б бачыць Расею такой, якім быў Нямцоў: разумнай, адкрытай, шумнай і цікавай. На жаль, з забойствам Барыса Нямцова перспектыва пераўтварэння Расеі ў сучасную і дэмакратычную дзяржаву пасунулася на невядомы тэрмін. А Беларусь страціла ў ягонай асобе сапраўднага сябра, пазбаўленага хоць якога імперскага комплексу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ