Шыльда ў гонар БНР



Наконт шыльды ў гонар БНР ёсць дзве навіны: кепская і добрая. Кепская заключаецца ў тым, што пры гэтай уладзе мы, хутчэй за ўсё, не ўбачым мемарыяльнага знаку на гістарычным будынку па вуліцы Валадарскага, 9. А што да добрай навіны, то адказ менскіх чыноўнікаў здымае ружовыя акуляры з апошніх наіўных беларусаў, якія меркавалі, што для цяперашняга кіраўніцтва каштоўнасць незалежнай Беларусі – гэта не проста рытарычная фігура.

Згодна лісту, які атрымалі актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), пытанне ўшанавання важнай гістарычнай падзеі падвісла ў паветры праз “шэраг (…) зваротаў ад грамадзян Беларусі і прадстаўнікоў грамадскасці з негатыўным стаўленнем да ўстаноўкі памятнай дошкі”. Інакш кажучы, сталічныя бюракраты прыкрываюцца нейкай міфічнай супольнасцю грамадзян, якія нібыта адмоўна ўспрынялі інфармацыю пра мемарыялізацыю чына, дзякуючы якому мы маем незалежную Беларусь у ХХІ стагоддзі. Гэта тое самае, каб, напрыклад, улады якога-небудзь Вашынгтона ў ЗША адмовіліся ўшаноўваць айцоў-заснавальнікаў з-за зварота маргінальнай групоўкі аматараў брытанскай манархіі.

Увогуле адмова ад усталявання шыльды – гэта не проста стандартная адпіска, якія мы бачылі сотнямі за апошнюю чвэрць стагоддзя. Фактычна гэта аплявуха беларускаму народу, здзек са шляхетных намераў найбольш актыўнай часткі грамадства. Нагадаем, атрымаўшы папярэдні дазвол наконт усталявання шыльды, за некалькі гадзін беларусы праз Інтэрнэт сабралі 7500 рублёў. Гэтай сумы хапіла, каб адліць у бронзе новую версію састарэлага арыгіналу дошкі 1993 года, вырабленай скульптарам Алесем Шатэрнікам.

Варта заўважыць, што сама дзяржава за ўсе гады, нягледзячы на пафасныя прамовы першых асоб пра каштоўнасць незалежнасці, не даўмелася ўшанаваць дзеячаў, якія, рызыкуючы жыццямі, здзейснілі неверагоднае. На руінах Расейскай імперыі, дзякуючы самаадданым і бескарыслівым учынкам лідараў нацыянальнага руху першай паловы ХХ стагоддзя, заззяла зорка Беларусі. Большай легітымнасці, чым у прадстаўнікоў Народнага Сакратарыяту БНР ўявіць цяжка і па сёння. Група беларускіх дзеячаў мела права гаварыць ад імя народаў Беларусі, паколькі іх кандыдатуры былі абраныя дэлегатамі Усебеларускага З’езду 1917 года, у якім прыняло ўдзел больш за 2 тыс чалавек з усіх куткоў краіны. Той з’езд быў насамрэч агульнанародным. Дэлегаты выбіраліся дэмакратычным шляхам і ехалі сотні кіламетраў ва ўмовах разбурэнняў І Сусветнай вайны. Бальшавікі, разагнаўшы з’езд, толькі дадалі ўпэўненасці беларусам, што будучыня залежыць ад іх саміх. Удзельнікі з’езду паспелі абраць Народны Сакратарыят, які ў выніку падпольнай работы ўхваліў тры Устаўныя Граматы. Апошняя Ўстаўная Грамата прымалася якраз у будынку па цяперашняй вуліцы Валадарскага, 9. Гэта проста цуд, бо ў разбураным сусветнымі войнамі і савецкімі рэканструкцыямі Менску захаваўся дом, дзе было прынятае лёсавызначальнае дзеянне!

Чаму ж усё-такі ўлады Беларусі блакуюць стварэнне месцаў памяці, звязаных з дзеячамі БНР? Здавалася б, для ўмацавання сваёй улады і для ідэалагічнага абгрунтавання незалежнасці Беларусі няма лепшай падставы, чым абвясціць пераемнасць з дзеячамі эпохі БНР. Многія з айцоў-заснавальнікаў, дарэчы, прытрымліваліся левай ідэалогіі. Але праблема ў тым, што легітымізацыя палітычнага праекта БНР, які быў канкурэнтам бальшавіцкага БССР, азначае фактычна апеляцыю да канцэпцыі шматвекавой гісторыі беларускай дзяржаўнасці. А такая заяўка, як вядома, вельмі не спадабаецца донарам цяперашняй улады. Крэмль і праз чвэрць стагоддзя незалежнасці Беларусі глядзіць на існаванне нашай краіны як на нейкую выпадковую недарэчнасць. Яшчэ адзін матыў стварэння перашкодаў для ўсталявання шыльды – банальнае жаданне паказаць усім, хто ў доме гаспадар.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ