Спартовы патрыятызм
У беларускім футболе цудоўна многае: і футбалісты, і іх выказванні. Шкада, што сам футбол пакідае жадаць лепшага. Асабіста для мяне гульня нацыянальнай зборнай па футболе – суцэльнае расчараванне. Калі пакорпацца ў памяці, то згадваецца перамога зборнай над камандай Галандыі. Гэта было ў сярэдзіне 1990-х, калі чалавек з фрызурай Джымі Хендрыкса (футбаліста звалі Сяргей Герасімец) забіў пераможны гол. На трыбунах луналі бел-чырвона-белыя сцягі, каментатар распавядаў пра гульню па-беларуску. Беларусь была ў захапленні. А потым неяк найпапулярнейшая ў народзе гульня паступова перастала быць такой, саступіўшы свой статус хакею. У наступныя гады зборная выступала млява і ў самой Беларусі, і па-за межамі краіны. Не дапамагалі нашым спартоўцам ані родныя сцены, ані дзясяткі тысячаў заўзятараў, якія ўпарта цягнуліся на стадыёны, нягледзячы ні на што.
Цяперашні склад зборнай захоўвае пераемнасць з папярэднімі ў тым сэнсе, што таксама ніякіх істотных поспехаў хлопцы не дасягнулі. Пра іх бы даўно ўсе забыліся, калі б не скандальныя выказванні капітана зборнай Цімафея Калачова. Пра такіх кажуць: лепей бы гуляў. Калі з футболам у Калачова складваюцца справы з пераменным поспехам, то з выказваннямі ўсё наадварот. Што не заявіць, усё выклікае рэзананс. Яму б у палітыку з такім талентам. Карацей, заявіў капітан беларускай зборнай наступнае: „…Заўсёды лічыў Расею роднай і блізкай краінай. (…) І да Расеі стаўлюся выдатна. Увогуле, ідэальна, калі б мы былі адной краінай”. Усё б нічога. Здавалася б, любіць чалавек Расею. Што тут такога?! Я, напрыклад, люблю завочна Перу, хоць ніколі там не быў. Можа быць, Беларусь была б больш квітнеючай, калі б мы з Перу стваралі саюзную дзяржаву, а не з Расеяй…
Але фішка ў тым, што Калачоў выказаўся праз пару дзён пасля пройгрышу беларускай каманды ў таварыскай гульні з Расеяй з лікам 2:4. Можа быць, Калачоў так сваю любоў праявіў? А калі сур’ёзна, дзіўна, што людзі з такімі думкамі ўвогуле выступаюць за зборную. Было б дзікавата чуць, напрыклад, ад Зінэдзіна Зідана, што Францыі трэба зноў стаць адной краінай з Алжырам, таму што продкі Зідана – з арабскага племені кабілаў. Чалавек стаў сімвалам французскага футболу, нягледзячы на сваё паходжанне. Гэтаксама, як і Марыё Балатэлі, чые бацькі паходзяць з афрыканскай Ганы, стаў зоркай італьянскай squadra azzura. Наўрад ці б ён прапанаваў аб’яднацца Італіі з Ганай дзеля ўмацавання футболу. Зрэшты, можа, праблемы беларускага футболу ў тым, што ў галовах футбалістаў якраз няма адчування краіны пад нагамі? Вось і прапускаюць мячы.