Спецыфічная беларуская салідарнасць 



У апошні месяц не праходзіць ані дня, каб публічна на сваіх акаўнтах у сацыяльных сетках супраць “паліцэйшчыны” не выказваліся людзі, якія раней асацыяваліся з рэжымам. Калі спачатку дзяржаўны апарат не рэагаваў на дэманстрацыю грамадзянскай нязгоды з боку вядомых шоумэнаў, тэлевядоўцаў і спартоўцаў, то пазней у дачыненні да іх пачалі прымяняцца санкцыі. Удада вырашыла перастрахавацца ад “эфекту даміно”, калі з кожным днём выказвацца супраць дзеянняў кіраўніцтва краіны пачало ўсё больш лідараў думкі. Што цікава, сярод тых, хто раптоўна ўсвядоміў непрымальнасць дзеянняў кіраўніцтва дзяржавы, аказаліся ў тым ліку тэндэнцыйныя журналісты і ўдзельнікі прапагандысцкіх шоу. Хоць ніхто з тых, хто выступіў супраць рэжыму, не распавёў пра глыбінныя матывы сваіх учынкаў, але можна дапусціць, што людзі проста стаміліся альбо дайшлі, як сказаў шоумэн Дзяніс Дудзінскі, да кропкі кіпення, а ў кожнага яна свая.

У ранейшыя выбарчыя кампаніі 2006 і 2010 гадоў таксама быў пераслед апанентаў улады, арышты і брутальныя разгоны, але масавага сыходу з дзяржаўных інстытуцый не назіралася з боку многіх, чый матэрыяльны дабрабыт быў наўпрост звязаны з дэманстрацыяй лаяльнасці. Чаму ж сёлета ўсё памянялася? Можна меркаваць, што на гэта паўплывала некалькі фактараў. Па-першае, упершыню за гады прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі ягоныя прыхільнікі перасталі адчуваць сябе большасцю, што, вядома, немагчыма прыхаваць на ўзроўні грамадства. Па-другое, многія, раней залежныя ад улады асобы, цягам апошніх год паралельна ўладкоўвалі сваё жыццё і рэалізоўвалі сябе ў бізнесах. Гэта дазволіла многім упершыню выказаць сваю пазіцыю ўголас, паколькі маюць магчымасць атрымліваць прыбытак з іншых крыніц. Па-трэцяе, на гарызонце намаляваўся сапраўды лідар, які трапіў у дзясятку чаканняў маўклівай большасці сваёй рыторыкай і бэкграўндам. Віктар Бабарыка стаў тым прэтэндэнтам, які нечакана стаў адпавядаць настроям часткі ядзернага апазіцыйнага электарату і былой апалітычнай масы. Далей электаральная перамога заставалася справай тэхнікі, але не ў аўтарытарнай краіне, дзе няма правілаў.

Дэмарш прадстаўнікоў былой сервільнай эліты выклікаў скрыгат зубоў у прадстаўнікоў улады, што заканамерна. Але тут цікавая рэакцыя колішніх апанентаў, якія калі не сумняюцца ў шчырасці намераў “рэнегатаў”, то кпяць. Маўляў, мала вашага асуджэння рэчаіснасці. Што праўда, у такой пазіцыі няма месца канструктыўнасці. Ніколі перамены не наступаюць, калі цвёрдыя апаненты рэжыму не здольныя прыняць у свае шэрагі былых прадстаўнікоў сістэмы. Гэта гучыць да болю банальна, але будаваць масты заўсёды складаней, чым іх паліць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ