Справядлівае разбіральніцтва ці звядзенне рахункаў?
Палітыка ва Украіне сапраўды дачакалася пераменаў. Праўда, далёка не тых, на якія разлічвалі шматлікія ўкраінскія выбарцы, якія аддалі свае галасы за дзейнага прэзідэнта і яго партыю «Слуга народу». Упершыню з моманту атрымання незалежнасці ў 1991 годзе ва Украіне кіруючая вярхушка атрымала поўны кантроль над усімі трыма галінамі ўлады (заканадаўчай, судовай і выканаўчай). Даволі небяспечная сітуацыя для дзяржавы з няўстойлівай дэмакратыяй дапаўняецца трывожнымі сімптомамі пераследу апанентаў, што выглядае ў некаторых выпадках не імкненнем да справядлівага пакарання «карупцыянераў», а банальным звядзеннем рахункаў. Украінскія СМІ паведамляюць пра цэлы веер крымінальных справаў, распачатых у дачыненні былога прэзідэнта Пятра Парашэнкі, якога вінавацяць, ці не ва ўсіх смяротных грахах: ад вывядзення грашовых сродкаў у замежныя афшоры да незаконнага перамяшчэння за мяжу ў пачатку 2018 года. У спісе прэтэнзіяў да былога кіраўніка дзяржавы няма хіба закіда ў людажэрстве і практыкаванні культа Вуду. У дадзены момант у адкрытых крыніцах можна знайсці інфармацыю ажно пра 11 крымінальных справаў, у якіх Пятро Парашэнка праходзіць як падазраваны альбо сведка. У апошнія дні ён ходзіць на допыты ў Дзяржаўнае бюро расследаванняў як на працу, дзе былы прэзідэнт дае паказанні па справах раскрадання грошай у «Украбаронпраме» і па справе незаконнага набыцця тэлеканала «Прамы».
Пятро Парашэнка – далёка не анёл. Ён зарабіў свой капітал у мутныя часы пасля распаду СССР, калі спрытныя дзялкі не асабліва выбіралі спосабы ўзбагачэння і часта кіраваліся бандыцкімі метадамі. Ягоная бізнес -імперыя паўстала таксама першапачаткова на падмурку непразрыстых здзелак з былой дзяржаўнай маёмасцю. Пазней, як гэта вядзецца ва ўкраінскай палітыцы, алігарх стаў актыўна ўплываць на кіраванне дзяржавай. Быў у біяграфіі Пятра Парашэнкі і перыяд супрацы з «рэгіяналамі» – ён быў нават адным з сузаснавальнікам партыі, якая прывяла да ўлады Віктара Януковіча.
Аднак менавіта Пятру Парашэнку належыць заслуга захавання Украіны як дзяржавы ў перыяд, калі ўсе ўладныя інстытуцыі былі паралізаваныя, у казне гуляў вецер, а войска як такога не існавала зусім. Фактычна з нуля жорсткі бізнесовец Парашэнка аднавіў краіну, якую разрывалі на кавалкі ў 2014 годзе. А яшчэ ён, будучы прафесійным дыпламатам, дабіўся амаль немагчымага – падпісання дамовы «Аб асацыяцыі» з ЕЗ і ўвядзення бязвізу. Ягоныя заслугі і самаахвярнасць у справе абароны інтарэсаў Украіны вартыя пашаны, без усялякага сумневу пераважаюць пэўныя хібы ў кіраванні. Але можна сцвярджаць дакладна: Украіне пашанцавала менавіта з такім кіраўніком, які ўтрымаў кіраванне караблём у жахлівы шторм і змог прывесці судна ў бяспечную гавань. Дарэчы, да гонару Пятра Парашэнкі, ён не чапляўся за ўладу ў 2019 годзе, вёў досыць сумленную палітычную барацьбу, у выніку чаго саступіў свайму апаненту Уладзіміру Зяленскаму. Зрэшты, каб не Пятро Парашэнка, не факт, што Зяленскаму ўвогуле давялося б пакіраваць дзяржавай. Але замест удзячнасці былога кіраўніка цягаюць на допыты, што выглядае актам дробнай помсты за выбарчыя баталіі і перадзел улады.
12 жніўня ля будынка Дзяржаўнага бюро расследаванняў праходзіла незвычайная для багатай на палітычныя падзеі Украіны акцыя. Некалькі дзяцей Пятра Парашэнкі разам з паплечнікам з плакатамі ў руках падтрымлівалі свайго бацьку, выкліканага на допыт па факце ўхілення ад выплаты падаткаў падчас набыцця тэлеканала «Прамы». Выглядае на тое, што цяперашнія ўлады зацікаўленыя ў нейтралізацыі палітычнага апанента, які, не маючы вялікай падтрымкі большасці ўкраінцаў, аднак, захоўвае рычагі ўплыву на палітыку ва Украіне праз медыя, парламент і сілавыя структуры.