Стрэл сабе ў нагу



У апошнія тыдні ў публічнай прасторы раз-пораз узнікаюць прыкметы таго, што ўлады Беларусі пралічваюць варыянты з забаронай гістарычнай сімволікі беларусаў. Пра гэта сведчаць бясконцыя выпады праўладных прапагандыстаў на дзяржаўным тэлебачанні, якія агучваюць застарэлыя клішэ пра тое, што бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўвалі калабарацыяністы падчас ІІ Сусветнай вайны. Кіраўнік дзяржавы таксама, выступаючы перад калектывам заводу “Гомсельмаш”, безапеляцыйна заявіў пра тое, што “мы прыбяром фашысцкія сцягі”. Калі больш дакладна цытаваць Аляксандра Лукашэнку, ён сказаў: “Мы ўстаронім гэту фашысцкую сімволіку з нашага грамадства, зробім гэта прыгожа. І перш за ўсё растлумачваючы, што гэтага нельга рабіць. Наша краіна больш за ўсіх пацярпела ад вайны”. З гэтага кароткага выказвання можна зрабіць некалькі высноваў, якія тлумачаць логіку будучых дзеянняў дзяржавы пры ўмове, што цяперашняя ўлада ўтрымаецца.

Па-першае, улада рэальна занепакоеная папулярнасцю бел-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня” сярод усяго грамадства. На хвалі пратэстаў супраць вынікаў выбараў сімволіка, якая ў апошнія дзесяцігоддзі асацыявалася ў асноўным з палітычнымі апанентамі рэжыму, стала агульнанацыянальнай. Пад бел-чырвона-белымі сцягамі выходзілі на акцыі пратэстаў сотні тысяч нашых суайчыннікаў, прычым многіх з іх да нядаўняга часу было цяжка западозрыць у вялікай прыхільнасці да нацыянальнай ідэі. Проста шматгадовая і сістэмная праца апазіцыі прывяла да натуральнага выніку, калі грамадства, якое не хоча сябе атаесамляць з аўтазакамі з чырвона-зялёнымі сцягамі, абірае альтэрнатыўныя сімвалы. Гэта паказвае крах сістэмы ідэалагічнай апрацоўкі насельніцтва, якое за чвэрць стагоддзя кіравання Аляксандра Лукашэнкі гатовае лёгка адмовіцца ад яго сімволікі. Больш таго, выпадак з гібеллю жыхара Плошчы Пераменаў Рамана Бандарэнкі паказвае, што беларусы гатовыя за свае сцягі пайсці нават на ахвяры, чаго не скажаш пра прыхільнікаў улады. І гэтая тэндэнцыя, калі пад бел-чырвона-белымі сцягамі гатовыя пратэставаць лекары, працоўныя, спартоўцы, жыхары сталічных мікрараёнаў і нават сілавікі, не можа не палохаць уладу.

Па-другое, спроба ў чарговы раз ачарніць нацыянальны сцяг выказваннямі пра нацыстоўскіх паслугачоў сведчыць пра яўны крызіс ідэй у прапагандыстаў. Яны так і не здолелі за дзесяцігоддзі ўцямна патлумачыць грамадству, чаму беларусы павінны адмаўляцца ад сваёй гісторыі. Цяпер выпады прадстаўнікоў вертыкалі і прапагандыстаў выглядаюць вельмі няўклюдна і выклікаюць толькі раздражненне ад яўных спробаў маніпуляцый. 

Па-трэцяе, фраза Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што “сімволіка фашыстаў прыбярэцца прыгожа і праз тлумачальную працу” — абсалютна празрыстае ўказанне заканадаўцам пра распрацоўку нарматыўнага акту, які б абгрунтаваў забарону на выкарыстанне папулярнага бел-чырвона-белага сцяга. І зразумела, што ўлады бачаць рашэнне сітуацыі ў тым, каб прыраўняць бел-чырвона-белы сцяг да нацыстоўскіх сімвалаў. Аднак такі падыход можна смела параўнаць са стрэлам сабе ў нагу. Бо ў Беларусі на ўсіх узроўнях пачынае весці рэй пакаленне, якое вучылася ў школах па падручніках з бел-чырвона-белай сімволікай. Прадстаўнікі гэтай генерацыі прымалі прысягу ў войску пад б-ч-б, заўзелі за першыя крокі нашых спартоўцаў на міжнародных спаборніцтвах. І гэтым людзям, не абцяжараным савецкім светапоглядам, немагчыма забараніць выкарыстоўваць нацыянальныя сімвалы, нават прымаючы дыскрымінацыйныя законы.

Ну, і самае галоўнае, пры крытычна нізкім узроўні падтрымкі з боку грамадства ўсё, што забараняецца, становіцца надзвычай прыцягальным у вачах нелаяльнай большасці. Можна сабе яскрава ўявіць, як бюракратычная машына буксуе ў справе пераследу аматараў бел-чырвона-белых сімвалаў, якіх настолькі шмат, што не хопіць усіх наяўных у дзяржавы рэсурсаў. Акрамя гэтага, забарона бел-чырвона-белага сцяга — гэта можа быць тая самая чырвоная рыса, пераход праз якую значна паскорыць працэс дэмантажу рэжыму, што не лічыцца ні з якімі каштоўнасцямі нацыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ