Супрацьлеглыя вектары развіцця грамадстваў



У Расеі правялі сацыялагічнае даследаванне, якое шакавала ліберальную грамадскасць і многіх замежнікаў. Паводле дадзеных “Левада-Цэнтра”, каля 70% расейцаў станоўча ацэньваюць ролю Ёсіфа Сталіна ў жыцці краіны. Гэта рэкорднае значэнне за ўсе часы правядзення аналагічных апытанняў. Каля 46% расейскіх рэспандэнтаў лічаць, што злачынствы ў сталінскую эпоху былі апраўданныя “вялікімі мэтамі і вынікамі”.

Такія жахлівыя вынікі сацыялагічнага даследавання могуць шакаваць толькі неабазнанага ў расейскіх рэаліях чалавека. Перакананы, што большасць тых, хто ўсхваляе “правадыра” і сябра ўсіх славянаў Кобу мараць пра тое, каб чэкісцкая помста здагнала не іх, а заможных суграмадзянаў, якіх большасць раейцаў уважаюць за першакрыніцу сваіх бедаў. Калі нехта гаворыць у Расеі пра добрага Сталіна, то, вядома, уяўляе якога-небудзь алігарха на краі расстрэльнай ямы, а не сябе любімага.

Адкуль жа такое жаданне ў большасці расейцаў разабрацца з нянавіснымі багацеямі? Згодна афіцыйнай статыстыцы, каля 20 млн. расейскіх грамадзянаў па выніках 2018 года трапілі за рысу беднасці, то бок сярэднія выдаткі на члена сям’і меншыя за пражытковы ровень. Гэта на траціну болей за 2012 год. Затое ў заможных расейцаў справы ў апошнія гады ідуць куды лепш. У спісе Forbes за 2018 год звыш 100 расейцаў з сукупным багаццем больш за 410 млрд. долараў. Каб зразумець маштабы сацыяльнай няроўнасці, прывядзем наступную лічбу: 1% самых багатых грамадзянаў РФ атрымліваюць больш за 20% усіх прыбыткаў дзяржавы. Паводле даследчыкаў з Парыжскай школы эканомікі, прыблізна такая прапорцыя была ў Расейскай імперыі напярэдадні рэвалюцыі 1905 года. А чым закончылася тая рэвалюцыя, мы ўсе больш-менш памятаем. Царскі рэжым у крыві задушыў паўстанне народных масаў, але праз дзесяцігоддзе быў дэмантаваны. Хто з прадстаўнікоў былых эліт Расейскай імперыі не паспеў на параходах уцячы ў Еўропу, быў жорстка забіты. А ўся іх маёмасць была расцягнутая і нацыяналізаваная. А завяршэннем рэвалюцыі стаў прыход да ўлады новага бальшавіцкага манарха ў паўваенным фрэнчы Ёсіфа Сталіна. Тады ўвесь расейскі народ жыў ва ўмовах жахлівай галечы, затое не было купцоў, дваранаў і рознага роду буржуяў. Такім чынам, сум расейцаў па “цвёрдай руцэ” ў вялікай ступені – гэта мара пра больш справядлівы сацыяльны лад, дзе няма месца людзям, што раскрадаюць нацыянальныя багацці.

На гэтым фоне беларусы выглядаюць досыць прыстойна. Два месяцы назад мы прыводзілі дадзеныя сацыялагічнага даследавання, згодна якому Беларусь выйшла на другое месца ў Еўропе па колькасці прыхільнікаў рынкавай эканомікі. То бок, канкрэтна ў пытанні “моцнай рукі” чаканні і ўстаноўкі беларусаў кардынальным чынам адрозніваюцца ад расейскіх запатрабаванняў. Гэта паказвае дыяметральна супрацьлеглыя вектары развіцця грамадстваў, што ў бліжэйшай перспектыве будзе выяўляцца ўсё больш. Такім чынам, у жахлівай расейскай сацыялогіі для беларусаў ёсць пазітыў. Калі казаць лаканічна, у адрозненне ад расейца, прагматычны і спакойны беларус абірае эвалюцыйнае развіццё, рынкавую эканоміку і паступовае раздзяржаўленне. Гэта значыць, будучыню без “чарговага айца народаў”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ