Супярэчлівая дата ў гісторыі Беларусі



80 гадоў таму тэрыторыя Заходняй Беларусі была далучаная да БССР. Пра гэтую падзею напісаныя тысячы тэкстаў з палярнымі ацэнкамі: ад усхвалення, з выкарыстаннем сумнеўнага ідеалагічнага штампу “акт гістарычнай справядлівасці”, да інтэрпрэтацыі фактаў у стылі “нож у спіну”. Тэма “вызваленчага паходу” Чырвонай арміі, які стаў магчымым пасля заключэння пакта Молатава-Рыбентропа паміж злачыннымі сталінскім і нацыстоўскім рэжымамі, дагэтуль выклікае розныя рэакцыі ў аўтараў у залежнасці ад іх ідэалагічных упадабанняў. Але відавочна адно: беларускі народ у міжваенны перыяд стараннямі савецкіх і тагачасных санацыйных уладаў перастаў быць палітычным суб’ектам. А гэта значыць, лёс нацыі вырашаўся не самімі беларусамі, а ў маскоўскіх і варшаўскіх кабінетах. Адпаведна, ні пра якое “вызваленне” гаварыць не выпадае. Больш за тое, моўная і нацыянальная дыскрымінацыя, што мела месца ў міжваенны час у Заходняй Беларусі, змянілася крывавымі рэпрэсіямі і масавымі дэпартацыямі нелаяльнага да СССР насельніцтва пасля 1939 года.

Трагедыя жыхароў Беларусі, якіх савецкія палітрукі аднеслі да варожых класаў (польскіх вайсковых, буржуазіі і чынавенства), дагэтуль як след не вывучаная ў беларускай гістарыяграфіі. Гэтае пытанне даследуецца толькі горсткай апантаных гісторыкаў, якія спрабуюць адысці ад стэрэатыпнага савецкага погляду на тыя падзеі. А на дзяржаўным узроўні тэму 17 верасня 1939 года дазволена асвятляць толькі ў тэндэнцыйным святле, ігнаруючы факты злачынстваў супраць шматлікіх катэгорый насельніцтва. Прычым гэтыя факты сведчаць, што савецкія карныя органы лютавалі не толькі супраць этнічных палякаў, большасць якіх па зразумелых прычынах адмаўлялася вітаць прыход камуністаў, але і супраць беларусаў, габрэяў, татараў. Калі пачытаць, напрыклад, “Кнігу памяці” Ашмянскага раёна, то ў спісе забітых у 1939 і 1941 гадах – многа прозвішчаў і імёнаў, характэрных для праваслаўных беларусаў. Віна гэтых людзей, якіх закатавалі без суда і следства, была толькі ў тым, што яны з’яўляліся ўласнікамі крамаў, млыноў, наймалі працоўных ці былі дробнымі чыноўнікамі ў часы ІІ РП.

Ды і самі беларусы паводзілі сябе па-рознаму, калі бачылі на вуліцах сваіх мястэчак і гарадоў бальшавіцкія атрады. Нехта пад шумок і пры інструктажы засланых раней бальшавіцкіх агентаў ішоў забіваць і рабаваць сядзібы арыстакратаў і польскіх асаднікаў. А хтосьці наадварот, рызыкуючы жыццём, даваў прытулак сваім суседзям-палякам падчас пагромаў. У любым разе беларусы, калі яны пакорпаюцца ў гісторыі сваіх сем’яў, могуць расплюшчыць вочы на падзеі 80-гадовай даўніны і зрабіць пэўныя высновы. Гэтыя ўрокі мінулага вучаць нас таму, што нельга быць маўклівымі і пасіўнымі сведкамі таго, як лёс краіны вырашаецца чужынцамі і без удзелу народу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ