Супярэчлівая постаць



У беларускай гісторыі ХХ стагоддзя – багата дыскусійных момантаў, якія здольныя падзяліць грамадства і могуць быць выкарыстаныя знешнімі сіламі для дыскрэдытацыі нацыянальнага руху. Гэта досыць тыповая сітуацыя для посткаланіяльнай рэчаіснасці, у якой апынулася цяперашняя Беларусь. Ва ўмовах адсутнасці ўласнай дзяржавы ў эпоху з’яўлення і спаборніцтва нацыяналізмаў ва Усходняй Еўропе беларускія дзеячы станавіліся часта закладнікамі палітычных сітуацый, альбо свядома абіралі бок мацнейшага, што ў перспектыве прыводзіла да іміджавых стратаў для наступных пакаленняў адраджэнцаў. У якасці свежага прыкладу – спрэчкі вакол асобы вайсковага дзеяча Францішка Кушаля, якога на гэтым тыдні згадалі ў звязку са 125-годдзем з моманту яго нараджэння.

Постаць вайсковага дзеяча Францішка Кушала настолькі ж супярэчлівая, наколькі заблытаная гісторыя беларускага нацыянальнага руху ў ХХ стагоддзі. Цягам свайго жыцця ён паспеў паўдзельнічаць у дзвюх светавых войнах. Першую скончыў у чыне штабс-капітана Расейскай імператарскай арміі. Пазней, у 1920-я гады, стаў афіцэрам войска адноўленай польскай дзяржавы. ІІ Светавую сустрэў у ваколіцах Львова. Пасля капітуляцыі войскам Чырвонай арміі ён трапіў у лагер для польскіх палонных у Старабельску (цяперашняя Луганшчына). Абсалютная большасць з польскіх афіцэраў была расстраляная, некаторыя прадстаўнікі камандавання апынуліся ў Лубянскай турме, у тым ліку нечакана беларускі нацыяналіст Франц Кушаль. У постсавецкія часы праўладная газета “Советская Белоруссия” апублікавала дадзеныя пра вярбоўку Франца Кушаля НКВД. У задачу завербаванага уваходзіў збор звестак і распрацоўка актыўных дзеячаў беларускага нацыянальнага руху.

Калі ў 1941 годзе Нямеччына напала на СССР Франц Кушаль быў адным з тых беларускіх нацыяналістаў, якія ад пачатку супрацоўнічалі з акупацыйнай адміністрацыяй у плане стварэння парамілітарных дапаможных структур і паліцыі з ліку мясцовага насельніцтва. Гэтыя паліцэйскія фармаванні падпарадкоўваліся войскам СС і СД, удзельнічалі ў зачыстках савецкіх партызанскіх атрадаў, ахоўвалі парадак і забяспечвалі бяспеку аб’ектаў інфраструктуры на падкантрольнай немцам тэрыторыі. Пасля паразы войскаў вермахта пад Курскам і Сталінградам нацыстоўскае камандаванне не стварала перашкодаў для стварэння вайсковай структуры Беларуская Краёвая Абарона, якая мелася ўключыцца ў змаганне з Чырвонай арміяй. Франц Кушаль стаў камандуючым БКА, склад якога, паводле розных дадзеных, налічваў да 30 тысяч жаўнераў. Аднак БКА не стала аналагам украінскае УПА, на яе рахунку няма вялікіх вайсковых перамогаў, немцы не лічыліся як след з гэтай структурай, таму яна і знікла вельмі хутка пад напорам наступу Чырвонае арміі. Частка жаўнераў і афіцэраў фармавання знайшла прытулак на Захадзе.

У біяграфіі Франца Кушаля ўтрымліваецца шмат неадназначных эпізодаў, якія могуць інтэрпрэтавацца дыяметральна супрацьлегла. Калі для адных ён герой, які ва ўмовах некалькіх акупацый намагаецца стварыць беларускае войска, то для іншых – здраднік з таўром нацыстоўскага паслугача. Аднак дзве палярныя пазіцыі, якія не абапіраюцца на матэрыялы адкрытых архіваў НКВД, здольныя ўнесці раздрай у беларускае грамадства. Аднолькава шкоднымі на гэты момант падаюцца як сумнеўныя спробы гераізацыі чалавека, які меў дачыненне да стварэння пранямецкіх вайсковых структур на акупаванай тэрыторыі Беларусі, так і дэманізацыя Франца Кушаля, які персанальна не быў замяшаны ў карніцкіх аперацыях. Прынамсі, пра такія факты сведчанняў бракуе на гэты час.

У дачыненні да асобаў кшталту Франца Кушаля складана прымяняць тэрмін нацыстоўскі калабарант у тым значэнні, як тое выкарыстоўваецца адносна грамадзянаў акупаваных еўрапейскіх краінаў, якія пайшлі на службу да нацыстаў у гады ІІ Светавой вайны, здрадзіўшы тым самым сваім дзяржавам. Справядліва зазначаюць некаторыя даследчыкі, што выбар беларускіх нацыяналістаў быў ускладнены абставінамі адсутнасці ўласнае дзяржавы. Адпаведна, у класічным разуменні яны не з’яўляюцца калабарацыяністамі ў адносінах як да БССР, так і да Польшчы. Калі ўзнікае патрэба класіфікацыі падобнай катэгорыі дзеячаў, то тут больш адэкватна ўзгадаць тэрмін “вайсковы злачынца”. Калі дзеянні таго ці іншага персанажа падпадаюць пад азначэнне “вайсковага злачынства”, то гэтага цалкам дастаткова, каб паставіць кропку ў дыскусіі. На гэты момант звестак у адкрытых крыніцах, якія б указвалі на тое, што дзейнасць Франца Кушаля можна кваліфікаваць як  “вайсковыя злачынствы” яўна не дастаткова. Гэта значыць, да яго асобы трэба ставіцца без асаблівых эмоцый, але не займацца гларыфікацыяй, каб не стаць аб’ектам для прапагандысцкай атакі з боку беларусафобаў.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ