Свята “бязвізу”



Пад ляжачы камень вада не бяжыць. Адным з дасягненняў украінскай рэвалюцыі 2014 года стаўся бязвізавы рэжым з ЕЗ. Колькі б не блюзнерылі крамлёўскія прапагандысты пра гастарбайтараў з Украіны, якія нібыта паедуць масава збіраць клубніцы і рамантаваць сантэхніку ў еўрапейскіх краінах, паміж радкоў усіх тых з’едлівых каментароў адно: “Чаму не нам?!”. Украінскія работнікі насамрэч масава едуць на заробкі ў больш паспяховыя краіны. І ў гэтым нічога страшнага няма. У свой час у пошуках лепшай долі выпраўляліся палякі, літоўцы і іншыя дзеці сацлагера. Зарабіўшы капіталы, многія вярнуліся на радзіму. Па сваім фэйсбуку назіраю знаёмых украінцаў (настаўнікаў, журналістаў і музыкаў), якія выправіліся на сезонныя працы за мяжу. Можна, вядома, спачуваць ім, седзячы на 500 рублях заробку. Але ад гэтага свой матэрыяльны дабрабыт не палепшыцца. Увогуле “бязвіз” з ЕЗ – гэта не толькі пра сезонныя працы. Адсутнасць візавых перашкодаў зменіць сітуацыю ў той жа Украіне непазнавальна ў перспектыве. Услед за турыстамі прыедуць інвестары, усталююцца новыя бізнес-кантакты і стануць мабільнымі студэнты. Грамадзяне пачнуць больш актыўна падарожнічаць па свеце, вучыцца і падглядаць розныя інавацыі. Праз пару пяцігодак беларусы заўважаць розніцу, якую дасць украінцам “бязвіз” з ЕЗ.

І вось беларускія ўлады вырашылі таксама ашчаслівіць грамадзянаў “бязвізам”. Узялі і падпісалі пагадненне аб бязвізавым рэжыме. Толькі не з суседам па глобусе, а з …Кітаем. Кажуць, што новы рэжым запрацуе дзесьці ў кастрычніку гэтага года. А каб да гэтай падзеі мы адчулі асаблівы гонар за роднае МЗС, нам паведамілі: “Беларусь з падпісаннем дакумента апынулася ў ліку нямногіх еўрапейскіх краін, у якіх усталяваны бязвізавы рэжым з Кітаем”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ