Перманентная дыскусія пра жаночы дзень



Сярод “мора” гіфак і гігабайтаў віншаванняў з Міжнародным жаночым днём усё гучней гучаць галасы крытыкаў, якія выступаюць супраць радыкальных феміністычных рухаў. У публічным дыскурсе таксама прадстаўленая пазіцыя людзей, якія адмаўляюцца прызнаваць гэтае свята, паколькі яно асацыюецца з каланіяльным перыядам нашай дзяржавы, які прыпаў на гады існавання БССР.

У часы савецкай Беларусі жанчыны сапраўды атрымалі некаторыя магчымасці, якіх яны былі пазбаўленыя пры расейскім царызме. Напрыклад, права на ўсеагульную адукацыю было рэалізаванае менавіта пры камуністах. Разам з тым, залішняя ідэалагізацыя асветы ў пэўнай ступені нівелявала гэтую заваёву. Ва ўмовах таталітарнага савецкага рэжыму іншыя правы жанчын таксама былі шмат у чым фікцыяй. Гэта датычыць як права на працу, якое прыняло звыродлівыя формы, калі адныя кабеты ішлі ўкладаць рэйкі і шпалы на чыгунцы, а іншых, жонак ворагаў народу і прадстаўнічак буржуазіі, накіроўвалі на лесапавал. Што да ўсеагульнага выбарчага права, пра якое так марылі суфражысткі і феміністкі на пераломе ХІХ-ХХ стагоддзяў, то ва ўмовах аднапартыйнай савецкай сістэмы яно таксама было ўмоўнасцю. У апошнія дзесяцігоддзі існавання СССР сацыяльная сфера і гарантыі для жанчын істотна адставалі ад таго, што прапаноўвалася кабетам у развітых капіталістычных дзяржавах. Прыгадваю з гэтай нагоды аповед адной блогеркі ў Фэйсбуку пра ейную італьянскую свякроў, якая, будучы цяжарнай, ужо ў пачатку 1980-х гадоў зрабіла УГД, даведаўшыся пра пол дзіцёнка. Для бацькоў у краіне саветаў такая магчымасць стала даступнай толькі ў 1990-я гады пасля падзення жалезнай заслоны, калі да нас пацягнуліся караваны гуманітаркі з медыцынскай тэхнікай.

Некаторыя беларускія феміністкі таксама крытычна ставяцца да 8-га сакавіка, лічаць адзначэнне крывадушнай фармальнасцю. Маўляў, цягам года жанчына на сабе цягне і цяжар працы, і сям’ю, і грамадскую нагрузку, але толькі на 8-га сакавіка, якое пераўтвараецца ў свята пошласці, пра гэта ўзгадваюць.

Асабіста мне 8-га сакавіка чамусьці прыгадваецца лёс адной беларускай жанчыны, пра якую забыліся нават лідаркі феміністычнага руху. Яе партрэт мог бы стаць сімвалам беларускіх кабет, якія дабіваюцца раўнапраўя ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Але, на жаль, імя Палуты Бадуновай вядомае толькі даследчыкам гісторыі і аматарам Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтая ўраджэнка Гомеля, адпрацаваўшы вясковай настаўніцай у часы расейскага царызму, адправілася вучыцца ў тагачасную сталіцу імперыі, дзе і заспела рэвалюцыю 1917 года. Там адукаваная беларуска стала нават дэпутатам рэвалюцыйнага Петраградскага савету рабочых і сялян. Менавіта ў той жа час яна далучылася да беларускага нацыянальнага вызвольнага руху. Вянцом яе палітычнай кар’еры стала пасада міністра сацыяльнай апекі ва ўрадзе БНР. У 1938 годзе яе рассталялі ва ўнутраным двары “амерыканкі”, а яе архівы спалілі. Вяртанне постаці Палуты Бадуновай у пантэон герояў беларускага народу адбылося параўнальна нядаўна дзякуючы намаганням гісторыкаў. Але на радзіме, у Гомелі, прадстаўнікі мясцовай улады, якая многа гаворыць пра правы жанчын, дагэтуль не даўмеліся перайменаваць у гонар знакамітай  зямлячкі нават вуліцу балгарскага камуніста Дзімітрава, на якой калісьці стаяў родны дом сям’і Бадуновых.  

Увогуле асоба Палуты Бадуновай павінна натхняць беларускіх кабет, якія маглі б называць у гонар яе свае партыі і рухі, праводзіць міжнародныя канферэнцыі і чытанні. Але выглядае на тое, што “свята пошласці” пакуль што для большасці куды больш блізкае.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ