“Свята”, якое некаторым не спадабалася



Расейскі творчы тандэм у складзе рэжысёра Аляксея Красоўскага і аператара Сяргея Астахава здзейсніў проста подзвіг. Кіношнікі за свае сродкі знялі паўнаметражны фільм, які прыцягнуў вялікую цікавасць гледачоў, але адначасова выклікаў зубны скрыгат у начальнікаў расейскай кінаіндустрыі і прыкарытных дэпутатаў. Не маючы надзеі атрымаць дазвол на пракат фільма ў кінатэатрах, аўтары размясцілі стужку ў ютубе. Пад фільмам размешчаныя рэквізіты, на якія можна пералічыць сродкі ў падтрымку праекта.

Гаворка ідзе пра фільм “Свята” (на расейскай мове – “Празднік”), у фабуле якога апавядаецца пра адну з найбольш трагічных старонак у гісторыі ІІ Сусветнай вайны – пра голад падчас блакады Ленінграда. Але рэжысёр не акцэнтуе ўвагу на гэтай вусцішнай тэме, якая стварае фон для чорнай камедыі пра заганныя норавы савецкай наменклатуры. Праз мастацкі фільм аўтары змаглі развянчаць савецкую міфалогію пра паспяховае будаўніцтва бяскласавага грамадства, дзе ўсе роўныя. У рэальнасці большасць жыхароў краіны саветаў харчаваліся абы-як, апраналіся ў рыззё і баяліся выказаць сваё меркаванне наконт рэчаіснасці. Савецкая партыйная эліта адрознівалася ад большасці тым, што апраналася і ела трошкі лепш за астатнюю масу, але гэта трэба было хаваць ад вачэй народа-гегемона. Асабліва кантрастна разыходжанні двух ладаў жыцця выглядалі на фоне такіх драматычных падзей, як, напрыклад, голад у Ленінградзе падчас блакады ў гады ІІ Сусветнай вайны. Гістарычны факт: пакуль насельніцтва абложанага гораду вымірала ад эпідэмій і недаядання (у звязку з гэтым нярэдкімі былі выпадкі канібалізму), партыйнае кіраўніцтва атрымлівала спецхарчы па асобнай лініі. Вакол гэтай фальшы, уласна кажучы, і пабудаваны сюжэт фільма, які ўяўляе сабой сатыру на “самую справядлівую ў свеце сістэму”.

Рэжысёр Аляксей Красоўскі сутыкнуўся з ціскам сістэмы і праўладных палітычных сілаў, калі толькі агучыў ідэю будучага фільма. І гэта зусім не дзіўна, паколькі падзеі ў стужцы разгортваюцца ў навагоднюю ноч з 31 снежня на 1 студзеня 1941-1942 гадоў у ваколіцах Ленінграда. Гэтыя два моманты (любімае расейскае свята Новы год і сакральная тэма блакаднага Ленінграда) прадвызначылі стаўленне афіцыёза да задумы кінематаграфістаў. Яшчэ нават да з’яўлення фільма ў адкрытым доступе стваральнікаў пачалі цкаваць за тое, што яны замахнуліся на самае святое – на памяць пра крывавую вайну і яе ахвяраў. Насамрэч жа ў самім фільме тэма голаду ў Ленінградзе не высмейваецца, стаўленне да гэтай тэмы вельмі акуратнае. Наадварот, у выніку прагляду карціны ўзнікае трывалае пачуццё агіды да тых, хто працягваў атрымліваць спецпайкі, пакуль вуліцы Ленінграда былі заваленыя трупамі.

У адным з эпізодаў фільма на навагодняе свята да сям’і аблашчанага ўладай мікрабіёлага Васкрасенскага выпадкова трапляе дзяўчына Маша, якую прывёў дадому інфантыльны сын-мажор. Бацькі не ведаюць, як ім святкаваць далей, не паказваючы нечаканай госці сваё багацце (сала, селядзец, бульбу, шампанскае, абаранкі і іншыя прыкметы савецкага застолля). Гаспадыня дому ў прысутнасці схуднелай і згаладнелай Машы, якая раз-пораз губляе прытомнасць ад віду ежы, спрабуе нарэзаць хлеб нажом. “Вы што, адразаеце хлеб, не падкладаючы газетку”, — сароміць марнатраўку дзяўчына з вуліцы. “Канешне, заўжды падкладаем”, — падхопліваецца гаспадыня, дастаючы аднекуль газету. Потым дзяўчына праводзіць майстар-клас, як нарэзаць лусты хлеба, не губляючы ані крошкі.

Нервовая рэакцыя расейскіх уладаў на стужку “Свята” зразумелая. У фільме няма ніякай абразы памяці ахвяраў вялікага голаду ў Ленінградзе. А што бачыцца адразу, дык гэта паралелі з цяперашнім расейскім рэжымам, пры якім эліты жывуць у шыкоўных сядзібах і адпачываюць у Італіі, а для астатніх – тэлепрапаганда пра веліч і непрагляднае жабрацтва.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ