Святкаваць рана



У 2005 годзе, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, быў прыняты цэлы пакет законаў і правак у законы, якія істотна абмяжоўвалі свабоды і правы грамадзянаў. Сярод дыскрымінацыйных мераў, якія мусілі стрымаць рост апазіцыйных настрояў быў знакаміты артыкул 193.1 КК (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). У народзе гэты артыкул атрымаў назву “больш за траіх не збірацца”. Пасля прыняцця гэтага закону Беларусь аўтаматычна трапіла ў шэраг афрыканскіх і азіяцкіх дэспатый, дзе сітуацыя з правамі чалавека пакідае жадаць лепшага. Распрацоўшчыкі закону імкнуліся зрабіць усё, каб несанкцыянаваная актыўнасць грамадзян стала немагчымай, каб усе праявы антыўладнай дзейнасці караліся згодна Крымінальнаму кодэксу.

Першымі ахвярамі артыкула 193.1 сталі сябры незарэгістраванага аб’яднання “Партнёрства”, якія планавалі ажыццяўляць назіранне за выбарамі. Пасля разгрому гэтай арганізацыі, лідары якой трапілі нават у месцы зняволення, грамадзянская супольнасць Беларусі ўбачыла, якія могуць быць наступствы ад дзейнасці без рэгістрацыі. Потым былі гучныя расправы над “Маладым Фронтам”, тагачасны старшыня гэтай арганізацыі Зміцер Дашкевіч нават адматаў па гэтым артыкуле турэмны тэрмін. Дзясяткі моладзевых лідараў атрымалі больш мяккія пакаранні ў выглядзе штрафаў альбо папярэджанняў за дзейнасць без рэгістрацыі.

У выніку ўвядзення гэтага артыкула, які стаў сапраўдным Дамоклавым мечам, некаторыя арганізацыі спынілі сваю дзейнасць, а некаторыя навучыліся дзейнічаць ва ўмовах падполля. Беларускія праваабаронцы з “Асамблеі НДА”, сябры Праваабарончага Цэнтру “Вясна”, прадстаўнікі БХК абралі іншую стратэгію. Яны пачалі праводзіць бестэрміновую грамадзянскую кампанію па скасаванні адыёзнага артыкула. За гады кампаніі “Стоп 193.1” ладзіліся вулічныя акцыі пратэсту, дасылаліся петыцыі, праводзіліся канферэнцыі, ствараліся сатырычныя мультфільмы, пісаліся артыкулы. Словам, рабілася ўсё, што магчыма. Увесь гэты час працягвалася камунікацыя беларускіх праваабаронцаў з замежнымі калегамі і ўрадамі, якія ажыццяўлялі пастаянны ціск на ўлады Беларусі, што былі вымушаныя апраўдвацца за існаванне абсурднай нормы ў беларускім заканадаўстве. Нягледзячы на шматлікія заўпэўніванні беларускага боку, што артыкул вось-вось будзе скасаваны, ён нязменна праіснаваў ад 2005 года да 2019.

І вось 19 ліпеня мы дазналіся, што крымінальны пераслед за дзейнасць без рэгістрацыі адменены. Але святкаваць рана, бо адначасова з’явіўся новы артыкул у Адміністрацыйным кодэксе, згодна якому беларусаў за адсутнасць рэгістрацыі будуць караць рублём. Распрацоўшчыкі гэтых змяненняў паціраюць ад задавальнення рукі, прадчуваючы, што на Захадзе яны змогуць прадставіць скасаванне 193.1 як праяву дэмакратызацыі, як крок насустрач грамадзянскай супольнасці і жаданням міжнародных структур. Грамадскім аб’яднанням Беларусі трэба рыхтавацца да таго, што разгляд адміністрацыйных справаў па факце дзейнасці без рэгістрацыі будзе пастаўлены на канвеер. Улічваючы, што такія справы могуць разглядацца і ў пазасудовым парадку, то можна прагназаваць, што ўлады намацалі “залатую жылу” ў выглядзе грашовых спагнанняў з беларусаў, на шыю якіх павесілі чарговае ярмо ў выглядзе штрафаў за сацыяльную актыўнасць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ