Тэлеканал ATR у небяспецы



Ва Украіне разгараецца палітычны скандал, які можна параўнаць з рэйдарскім захопам тэлеканала НТВ у пуцінскай Расеі ў пачатку 2000-х, альбо закрыццём радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная” у пачатку ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Спыненне трансляцыі адзінага незалежнага крымскататарскага тэлеканала “ATR” – пераломны момант, які паказвае прыярытэты ўкраінскай дзяржавы і з’яўляецца трывожным сігналам для медыяпрасторы Украіны.

Вось ужо другія суткі праца тэлекампаніі, місіяй якой ёсць данясенне праўдзівай інфармацыі з анексаванага паўвострава Крым, паралізаваная. Гледачы могуць бачыць статычную застаўку са студыі тэлеканала з лагатыпам ATR. Журналісты не працуюць. Фонавым гукам ідзе сэрцабіццё. Гук сэрцабіцця дэманструе, што тэлеканал, нягледзячы ні на што, працягвае жыць. Знікненне СМІ, у якім медыйны прадукт робіцца на трох мовах (украінскай, расейскай і мове карэннага народу Крыма кырымлы), для патрыётаў Украіны з Крыму азначае, што мацярык на іх ставіць тлусты крыж.

Каб зразумець значэнне тэлеканала ATR для Украіны, трэба ўзгадаць, што менавіта аператары гэтага СМІ здымалі гарачыя кадры ў 2014 годзе, калі так званыя “зялёныя чалавечкі” забяспечвалі правядзенне элегантнага рэферэндума. Відэасюжэты, знятыя смелымі крымскімі журналістамі, абляцелі ўвесь свет, паказаўшы хлуслівасць крамлёўскай палітыкі. Напярэдадні так званага рэферэндума аб “вяртанні Крыма ў родную расейскую гавань” лагатып кампаніі ATR стаяў на роліках у падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. А ў той час каля офісаў ATR у Сімферопалі ўжо дзяжурылі расейскія БТР-ы. Пасля правядзення рэферэндума працаваць украінскаму СМІ ў Крыме стала немагчыма. Тэлеканал ATR перабраўся на мацярык. Цягам апошніх 5-6 гадоў у фокусе журналістаў крымскататарскага тэлеканала – рэпрэсіі новых уладаў супраць карэннага насельніцтва паўвыспы. І вось у 2020 годзе выявілася, што патрэбныя на функцыянаванне СМІ грошы не пералічваюцца. У бюджэце Украіны на 2020 год прадугледжана фінансаванне ATR у памеры 50 мільёнаў грывень на год, аднак на стадыі ўзгаднення ў дзяржскарбніцы гэта справа спынілася. Кіраўніцтва тэлеканала практычна прамым тэкстам гаворыць, што рашэнне аб спыненні фінансавання наўрад ці прымалася нейкімі другараднымі чыноўнікамі.

Чаму ўкраінскія ўлады не зацікаўленыя ў існаванні ATR? Адсутнасць імпэту ў выдзяленні сродкаў на працу тэлеканала можна патлумачыць некалькімі прычынамі. Па-першае, перамена знешняй палітыкі афіцыйнага Кіева, які імкнецца задобрыць Маскву дзеля дээскалацыі вайсковага канфлікта на ўсходзе Украіны. Пры гэтым цяперашнія ўлады Украіны стараюцца не ўздымаць пытанне анексіі Крыма, спадзеючыся атрымаць палёгку на перамовах з Уладзімірам Пуціным. Па-другое, у кіраўніцтве апальнага СМІ – жорсткія крытыкі Уладзіміра Зяленскага. Цалкам магчыма, цяперашняму прэзідэнту не падабаецца пазіцыя журналістаў ATR, якіх трэба прымусіць замаўчаць. Па-трэцяе, пазбаўленне кырымлы іх галоўнага СМІ адбываецца на фоне анансавання лідарамі Меджлісу мірнага маршу на Крым 2 траўня. Гэтая акцыя вельмі нявыгадная Кіеву, паколькі можа выклікаць агрэсію з боку Масквы. Так ці інакш, знікненне незалежнага тэлеканала — трывожны сімптом, які паказвае, што ўкраінскія грамадзяне і патрыёты ў Крыме застаюцца сам насам са сваімі праблемамі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ