Транзіт улады



Транзіт улады – Ахілесава пята псеўдадэмакратычных рэжымаў кшталту цяперашняга расейскага альбо беларускага. Парушэнне аднаго з прынцыпаў дэмакратыі, сутнасць якога заключаецца ў сістэме стрымак і супрацьвагаў, што забяспечваецца падзелам улады на тры галіны (судовую, заканадаўчую і выканаўчую), вядзе да сітуацыі, калі перад аўтакратамі рана ці позна паўстае пытанне “Што будзе пасля мяне?”. У перыяд, калі краінай кіруе малады і здаровы лідар, гэтае пытанне адпадае па відавочных прычынах. Але пераўтварэнне кіроўнай эліты ў групу герантакратаў, як пераканаўча паказвае прыклад позняга СССР, ставіць пад пагрозу існаванне самой дзяржавы.

Уладзіміра Пуціна яшчэ рана спісваць з рахункаў па прычыне ўзросту. Зрэшты, ён сам увесь час падкрэслівае сваё фізічнае здароўе, дэманструючы ўсяму свету спартовыя дасягненні і фотаздымкі з аголенымі грудзямі падчас рыбалкі на сібірскіх рэках. Разам з тым, пераемнасць улады – гэта не толькі фармальнае патрабаванне да аўтарытарных кіраўнікоў, але і гарантыя іх спакойнай старасці пасля адыходу ад улады. І вось у межах паслання Уладзіміра Пуціна да Федэральнага Сходу, нарэшце, пачалі абмалёўвацца сцэнары транзіту ўлады ў Расеі.

Паводле паведамленняў расейскіх СМІ, Уладзімір Пуцін лічыць патрэбным абмяркоўваць некаторыя праўкі ў Канстытуцыю, якія напрамую ўплываюць на працэс абрання будучых прэзідэнтаў РФ. Найбольш цікавыя праўкі датычаць магчымасці пераабірацца на прэзідэнцкую пасаду адной і той жа асобе некалькі тэрмінаў запар. Цяпер у расейскай Канстытуцыі прысутнічае махлярская формула, з якой вынікае, што адна асоба не можа абірацца на прэзідэнцтва больш чым на два тэрміны “запар”. Менавіта наяўнасць гэтага элегантнага слова “запар” дазволіла Уладзіміру Пуціну ажыццявіць ракіроўку з Дзмітрыем Мядзведзевым ў сярэдзіне 2000-х гадоў, каб потым зноў трыюмфальна вярнуцца ў Крэмль. Цяпер жа, як выказаўся кіраўнік РФ, ён не супраць таго, каб слова “запар” было прыбранае. Але грамадзянам РФ рана радавацца. Не выключана, што расейскі кіраўнік уважліва вывучыў беларускі вопыт працягнення паўнамоцтваў, калі адлік новага прэзідэнцкага тэрміну пачынаецца з моманту ўвядзення зменаў у Канстытуцыю. Калі гэта так, то з моманту рэферэндума папярэднія тэрміны прэзідэнцтва ў Пуціна могуць “абнуліцца”.

Другой важнай праўкай з’яўляецца ўмова, каб будучы кандыдат на пост прэзідэнта пастаянна пражываў у РФ не менш 25 год. Гэта робіцца, відавочна, для таго, каб пазбегнуць рызыкі вяртання моцных прэтэндэнтаў з эміграцыі, дзе масава знаходзяцца многія вядомыя расейскія апазіцыянеры.

Можна было б і не звяртаць увагу на сакрэты расейскай канстытуцыйнай кухні, каб не прамы ўплыў гэтых падзей на беларускую рэчаіснасць. Вось ужо цягам некалькіх гадоў у экспертным асяроддзі абмяркоўваецца “праблема 2024 года”, калі адным з варыянтаў працягнення паўнамоцтваў прэзідэнцтва Пуціна можа быць пераход ад цяперашняй мадэлі інтэграцыі Беларусі і Расеі да аб’яднання ў адну дзяржаву з адзіным прэзідэнтам. Агучванне ж праекту правак у Канстытуцыю паказвае, што кіраўніцтва Расеі больш-менш адэкватна ацаніла свае магчымасці ў Беларусі, адмовіўшыся ад сцэнару інкарпарацыі на гэтым этапе. Аднак супакойваць сябе гэтымі змяненнямі не варта, паколькі прапанаваныя праўкі ў расейскай Канстытуцыі ўказваюць курс на ўзмацненне аўтарытарызму. Гэта значыць, што ў любы момант кіраўнік з неабмежаванымі паўнамоцтвамі можа пераглядзець стратэгію дачыненняў з Беларуссю, уключна да сілавога супрацьстаяння, калі такое спатрэбіцца.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ