Трывожны званочак для ўладаў 



Кіраўнік Беларусі час ад часу заяўляе, што не трымаецца за пасаду. Маўляў, ягоная сям’я наелася прэзідэнцтва. А ён сам сыйдзе тады, калі народ гэтага захоча. Зручная формула, калі ўлічыць, што дзясяткі гадоў у Беларусі камунікацыя ўладаў з грамадствам адбываецца выключна па адной схеме: зверху ідуць загады, якія народ мусіць пакорліва выконваць. А выбары з інструмента замены элітаў пераўтварыліся ў механізм забеспячэння ўсеагульнай падтрымкі і свята лаяльнасці. Аднак часы мяняюцца. Калі раней у грамадзянаў не было магчымасці выказвацца па палітычных пытаннях, то цяпер, дзякуючы Інтэрнэт-рэвалюцыі і развіццю сацыяльных сетак, практычна кожны мае публічную пляцоўку для выяўлення свайго меркавання. Такім чынам, нават у няпростых умовах Беларусі грамадзяне могуць данесці свае думкі.

Стваральнік ютуб-канала “Народны рэпарцёр” Сяргей Пятрухін ініцыяваў флэшмоб па запісе кароткіх відэаролікаў, у якіх грамадзяне Беларусі просяць нязменнага кіраўніка краіны “адпачыць і не балатавацца на выбарах 2020 года”. На гэты момант на ютубе ўжо выкладзеныя дзясяткі відэазапісаў з хэштэгам #Лукашенкостоп2020. У відэазваротах беларусы ў лаканічнай форме выказваюцца за тое, каб Аляксандр Лукашэнка не балатаваўся на наступных выбарах. Некаторыя героі да стандартных фразаў дадаюць яшчэ свае меркаванні, чаму яны супраць чарговага прэзідэнцкага тэрміна. Геаграфія, сацыяльны статус, узрост і пол удзельнікаў флэшмобу абсалютна розныя. У некаторых роліках мы бачым студэнцкую моладзь, якая разважае пра будучыню краіны ў антуражы гарадской хіпстарскай кватэры. Сярод грамадзянаў, якія не пабаяліся выказацца наконт улады, ёсць таксама жыхары сельскай мясцовасці, што выступаюць на фоне закрытых школаў і занядбаных аб’ектаў інфраструктуры. У пэўных зваротах не абыходзіцца без жартаў. Адна з дзяўчынаў звярнулася да першай асобы, заявіўшы, што супраць вылучэння кандыдатуры Аляксандра Лукашэнкі выступіў нават бы ейны кот, калі б мог гаварыць. Па праглядзе дзясяткаў відэазваротаў складваецца ўражанне, што незадаволенасць станам рэчаў у дзяржаве масавая, прычым крытыкуюць уладу не апазіцыянеры, а тыя, хто дзесяцігоддзямі не меў “голасу”. Што адметна, у кожным відэа грамадзяне не баяцца называць горад свайго пражывання і свае дадзеныя. То бок, досыць нетыповая з’ява для беларускага грамадства, якое цудоўна ведае пра схільнасць дзяржавы да рэпрэсій супраць іншадумцаў, а таму аддавала перавагу выяўленню незадаволенасці ананімным чынам ці сярод сваіх.

Актыўнае і адкрытае непрыманне ўдзельнікамі флэшмобу імкнення кіраўніка дзяржавы высоўваць сваю кандыдатуру на выбарах 2020 года паказвае, што ў беларускім грамадстве распачаліся цікавыя працэсы. Выглядае на тое, што грамадзяне пачынаюць разумець сапраўднае значэнне палажэння Канстытуцыі, паводле якога адзінай крыніцай улады ў краіне з’яўляецца не прэзідэнт, а народ Беларусі. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ