Цэнзураванне апазіцыйных кандыдатаў



Назіраць за бягучай палітычнай кампаніяй, якая не мае нават намёку на канкурэнцыю, — надзвычай сумны занятак. Асабліва пасля таго, як улады не зарэгістравалі некалькі найбольш пазнавальных прэтэндэнтаў, якія маглі, прынамсі, унесці хоць нейкае ажыўленне ў млявы палітычны працэс. Але нават нерэгістрацыя яркіх апазіцыйных палітыкаў кшталту Ірыны Халіп і Юрыя Губарэвіча, як аказалася, была толькі прэлюдыяй. Услед за “зачысткай” топавых апазіцыйных прэтэндэнтаў наступіў этап цэнзуравання тэлезваротаў іншых кандыдатаў і нават зняццё з выбараў прадстаўнічкі “Еўрапейскай Беларусі” Паліны Шарэнды-Панасюк.

Адразу два кандыдаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі – Уладзімір Няпомняшчых з Гомеля і Ірына Давідовіч з Іўя – не змаглі данесці тэзісы сваіх выступаў да выбарцаў. На дзяржаўных тэлеканалах відэазвароты гэтых апазіцыянераў цэнзуравалі. Замест трансляцыі 5-хвілінных ролікаў тэлегледачы любаваліся прыгожымі краявідамі Беларусі, выявамі замкаў і храмаў пад музыку для рэлаксацыі. Сакрэт забароны зваротаў, як паведамляюць самі кандыдаты, у тым, што яны востра крытыкавалі галоўныя праекты ўлады (АЭС у Астраўцы, Саюзную Дзяржаву з Расеяй, дэпутацкія заробкі і г.д.). Аднак няма сумневу ў тым, што асноўнай падставай для цэнзуры сталі заявы кандыдатаў пра тое, што яны ў выпадку абрання ў парламент запусцяць працэдуру імпічмента кіраўніку дзяржавы, як тое прапісана ў Канстытуцыі. Слова імпічмент, якое прагучала з вуснаў Ірыны Халіп, каштавала ёй статуса зарэгістраванага кандыдата. У выпадку з Уладзімірам Няпомняшчых і Ірынай Давідовіч усё пакуль што завершылася цэнзурай іх выступаў. Што праўда, цэнзары не ўлічылі рэалій ХХІ стагоддзя, калі любая прымітыўная забарона выклікае падвышаны інтарэс публікі. Сваёй чаргой, апазіцыйныя кандыдаты паўтарылі тэзісы сваіх выступаў і выклалі ролікі для вольнага прагляду на ютубе. Пасля забароны, як заўважае Уладзімір Няпомняшчых, да яго выстраілася чарга журналістаў і блогераў. Такім чынам, слова імпічмент стала разыходзіцца ў масы.

Выпадак з берасцейкай Палінай Шарэнда-Панасюк, якую знялі з выбарчай гонкі нібыта за “заклікі да звяржэння ўлады і зрыва выбараў”, даволі паказальны. Відавочна, уладам не спадабалася тое, што кандыдатка аказалася досыць моцнай прамоўцай, што было бачна па яе тэлевыступе. Яшчэ адным імаверным матывам ужывання санкцый у дачыненні да Паліны Шарэнды-Панасюк стала магчымасць аб’яднання вакол яе групы берасцейцаў, што пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.

Усе падзеі апошніх дзён, звязаныя з выбарамі, паказваюць тое, што ўлады насамрэч намераныя зрабіць усё, каб будучы склад парламенту быў максімальна лаяльны і кантраляваны. Узмацненне ролі парламенту напярэдадні больш важных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года – надта рызыкоўная гульня ва ўмовах, калі насельніцтва ўсё больш задумваецца пра альтэрнатыўныя варыянты развіцця краіны.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ