Ці адбудзецца “элегантны рэферэндум”?



Здзейснілася тое, пра што даўно казалі прадстаўнікі экспертных колаў і некаторыя апазіцыянеры. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, нарэшце, назвала дату выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў. Дакладней, дзве даты: 7 лістапада і 17 лістапада. У дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, які афіцыйна ў Беларусі дагэтуль з’яўляецца выхадным, мясцовыя саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы павінны абраць 64 сенатары. А 17 лістапада адбудуцца выбары 110 дэпутатаў ніжняй палаты парламента. Калі ў красавіку гэтага года кіраўнік дзяржавы прапанаваў правесці выбары ў дату, якая “блізкая да 7 лістапада”, многія дасведчаныя апазіцыйныя палітыкі зразумелі, што выбары пройдуць або 10-га, або 17-га. Кропку ў спрэчках пазней паставіла Лідзія Ярмошына, якая абгрунтавала неабходнасць правядзення выбараў 17-га. Але зусім не на дату правядзення чарговых выбараў у кантраляваны парламент павінна быць звернутая ўвага грамадства. Па-першае, дагэтуль застаецца імавернасць правядзення рэферэндума, вынікі якога дакладна не наблізяць Беларусь да супольнасці дэмакратычных дзяржаваў свету. Па-другое, узнікае пытанне, чаму ўлады пайшлі фактычна на датэрміновы роспуск парламента.

Паралельна з абмеркаваннямі даты выбараў у грамадстве ўвесь час мусіруецца тэма магчымага рэферэндума, які будзе сумешчаны з парламенцкай кампаніяй. Тым больш, Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў у сваіх выступах намякаў на тое, што цяперашняя Канстытуцыя мае патрэбу ў мадэрнізацыі. І сапраўды, ёсць прыкметы таго, што сёлета, паралельна з малазначнымі выбарамі ў так званы парламент, можа прайсці рэферэндум. Хоць пра гэта яшчэ не заявіла ўлада, але ў бліжэйшы час грамадства можа быць пастаўлена перад фактам. Гомельскі палітык Уладзімір Кацора вось ужо некалькі месяцаў заклікае беларусаў быць гатовымі да таго, што ў Беларусі можа быць праведзены “элегантны рэферэндум”. Паводле Уладзіміра Кацоры, цягам апошняга году, нягледзячы на стагнацыю эканомікі, упэўнена растуць прыбыткі грамадзянаў. Гэта сведчыць пра намер улады “купіць лаяльнасць выбарцаў”. Але ж такія дзеянні нелагічныя, калі гаворка ідзе толькі пра выбары ў марыянеткавы орган, якім на сёння з’яўляецца беларускі парламент. Такім чынам, паралельна з выбарамі ў парламент сапраўды можа прайсці рэферэндум, які можа працягнуць тэрмін прэзідэнцтва дзейнага кіраўніка дзяржавы альбо змяніць працэдуру яго пераабрання.

У беларускай Канстытуцыі прапісана, што парламент абіраецца на 4 гады. Тэрмін паўнамоцтваў цяперашняга складу дэпутатаў парламенту сканчваецца ў верасні 2020, а не ў лістападзе 2019. Адсюль вынікае, што рашэнне аб датэрміновым правядзенні выбараў у парламент мае прыкметы парушэння Канстытуцыі, паколькі паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў могуць быць скарочаныя толькі пры пэўных умовах: “Пры адмове ў даверы Ураду, выказванні вотуму недаверу Ураду або двухразовай адмове ў дачы згоды на прызначэнне Прэм’ер-міністра. Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў могуць быць таксама датэрмінова спыненыя на падставе заключэння Канстытуцыйнага Суда ў выпадку сістэматычнага або грубага парушэння палатамі Парламента Канстытуцыі”. Нічога з пералічанага цягам гэтай кадэнцыі парламенту не здаралася, таму законных падставаў скарачаць тэрмін працы дэпутатаў нібыта няма. Але спецыфіка і безвыходнасць беларускай сітуацыі – у тым, што няма ў нас суб’ектаў, якія маглі б аспрэчыць указ аб правядзенні датэрміновых выбараў у парламент. Ануляваць такі ўказ мае права толькі Канстытуцыйны суд. А каб пачаць працэдуру праверкі, неабходна, каб туды звярнуліся прэзідэнт, урад, Палата прадстаўнікоў, Савет рэспублікі альбо Вярхоўны суд. Усе гэтыя структуры цалкам падпарадкаваныя выканаўчай уладзе, таму, відавочна, патрэбнага звароту ў КС не будзе. Гэта значыць, што ў найноўшай гісторыі Беларусі па парламенту як аднаму са слупоў дэмакратычнай дзяржавы ў чарговы раз нанесены ўдар, наступствы якога пагражаюць нам усім дэстабілізацыяй палітычнай сітуацыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ