Ці чакаць чагосьці новага ад сёлетніх выбараў?



Парламенцкая кампанія ў Беларусі праходзіць у прадказальнай атмасферы мінулых гадоў: без агенчыка і інтрыгі. Нягледзячы на запэўніванні кіраўніка дзяржавы ў тым, што ў парламент мусяць быць абраныя прадстаўнікі ўсіх сацыяльных і палітычных груп, ніякіх прыкметаў свабоднай выбарчай кампаніі не назіраецца. Галоўны індыкатар адсутнасці пераменаў – нядопуск прадстаўнікоў апазіцыі ў склад выбаркамаў. Гэта значыць, што якая б рыторыка не гучала з вуснаў першай асобы дзяржавы, альтэрнатыўныя палітычныя сілы дагэтуль не маюць магчымасці кантраляваць ключавы момант выбараў – падлік галасоў.

Але нельга сказаць, што сёлетняя палітычная кампанія праходзіць без сюрпрызаў. На гэтых выбарах з’явілася адразу некалькі нечаканых кандыдатаў, здольных ажывіць збольшага сумную карціну. Найперш варта згадаць галоўнага кандыдата ад “Еўрапейскай Беларусі” Ірыну Халіп, якая мае высокі ўзровень пазнавальнасці сярод грамадзянаў, дзякуючы журналісцкаму бэкграўнду. Ірына Халіп была адным з рухавікоў прэзідэнцкай кампаніі яе мужа Андрэя Саннікава на выбарах 2010 года, пасля чаго на некалькі месяцаў трапіла ў ізалятар КДБ “амерыканку”, а потым пад хатні арышт. Выкарыстоўваючы патэнцыял інтэрнэт-рэсурса “Хартыя” Ірына Халіп можа заручыцца падтрымкай выбарцаў на сваёй акрузе, калі, вядома, яе зарэгіструюць.

Яшчэ адной цікавай палітычнай кампаніяй можа быць спаборніцтва на 104-й Кальварыйскай акрузе, дзе вылучаецца “Міс Беларусь-2018” Марыі Васілевіч. Гэтая прэтэндэнтка апошнім часам стала пазнавальная для многіх беларусаў дзякуючы сваёй прысутнасці ў атачэнні Аляксандра Лукашэнкі на афіцыйных мерапрыемствах. На шляху да дэпутацкага крэсла ў Марыі Васілевіч нечакана стаў менскі блогер Мікалай Маслоўскі, вядомы сваёй вострай крытыкай афіцыйнай рэчаіснасці. Дадатковую вагу незалежнаму прэтэндэнту дасць падтрымка блогерскай супольнасці – самыя папулярныя палітычныя блогеры байнэта ўзяліся раскручваць свайго прадстаўніка ў змаганні з прэзідэнцкай фаварыткай. Сумарная колькасць гледачоў у вядоўцаў ютуб-каналаў “Общество Гомель”, “Народны рэпарцёр”, “Рудабельская паказуха”, Паўла Спірына, Наталлі Багданавай і іншых складае дзясяткі тысяч падпісантаў. Так што, кампанія Мікалая Маслоўскага абяцае быць цікавай.

Палітык Мікалай Статкевіч ламае сцэнар уладаў сваім удзелам у парламенцкіх выбарах у якасці сябры некалькіх ініцыятыўных груп незалежных кандыдатаў. У межах “месяца свабоды” лідар БНК востра крытыкуе ўладу і запісвае прыхільнікаў у сябры сваёй ініцыятыўнай групы на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Палітык вырашыў не чакаць афіцыйнага старту выбарчай кампаніі і не звяртае ўвагу на тое, што яго могуць не зарэгістраваць у якасці кандыдата. Ён вядзе сваю гульню, якая пачынае нерваваць улады ўжо на гэтым этапе.

Такім чынам, нягледзячы на невыразнасць выбарчай кампаніі, сёлета прадстаўнікі некаторых апазіцыйных сілаў спрабуюць выкарыстоўваць новыя падыходы ў працы з электаратам, бескампрамісную рыторыку і актыўнічаюць ў сацыяльных сетках.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ