Ці эфектыўныя дыктатуры ў супрацьстаянні каронавірусу?
Яшчэ ў сярэдзіне лютага, да з’яўлення ачагоў эпідэміі каронавіруса, як паведамляе польскае выданне “Dziennik.pl”, вугорскія матэматыкі з універсітэту ў Сегедзе апублікавалі свае прагнозы. Згодна справаздачы навукоўцаў, да групы краінаў, якія рызыкавалі стаць эпіцэнтрамі каронавіруса ў Еўропе, былі аднесеныя Італія, Францыя, Нямеччына і Вялікабрытанія. Прычым, улічваючы прамысловыя сувязі і інтэнсіўнасць авіяспалучэння Італіі і Кітая, менавіта Італія была названая ў якасці краіны, якая першай сутыкнецца з маштабнай эпідэміяй, выкліканай новым вірусам. Больш таго, вугорскія даследчыкі з дапамогай матэматычных мадэляў нават прадбачылі, што не Рым, а менавіта паўночная частка краіны з цэнтрам у Мілане стане сапраўднай зонай бедства. Зрэшты, каб спрагназаваць падобны сцэнар не патрэбна валодаць навуковым інструментаром. Дастаткова нават прыблізна ўяўляць, як функцыянуюць сучасныя эканомікі ў глабалізаваным свеце, як выбудоўваюцца прамысловыя ланцугі і куды скіроўваюцца турыстычныя патокі. Так склалася, што менавіта Італьянская рэспубліка знаходзіцца ў цеснай кааперацыі з Кітаем, куды перанесеныя шматлікія вытворчасці італьянскіх брэндаў. Акрамя гэтага, італьянская гаспадарка з яе развітай сферай паслугаў і распіаранымі турыстычнымі аб’екатамі з’яўляецца прываблівым месцам для дзясяткаў мільёнаў турыстаў з усяго свету, у тым ліку з Кітаю. Інакш кажучы, адкрытасць, прываблівасць і ўключанасць краіны ў глабальныя працэсы сталі трыгерамі распаўсюду эпідэміі каронавіруса.
Беларусь, у адрозненне ад Італіі, пахваліцца развіццём турыстычнай галіны не можа і сфера паслуг, мякка кажучы, саступае нават суседнім краінам. Рэнамэ аўтарытарнай і ізаляванай ад усяго свету дзяржавы таксама не спрыяе вялікаму трафіку замежнікаў праз Сінявокую. Адпаведна, на старце Беларусь мела лепшыя магчымасці ў плане мінімізацыі наступстваў ад каронавірусу. І, калі падыходзіць павярхоўна да аналізу сітуацыі, падаецца, што беларусы спраўляюцца з пошасцю лепей за італьянцаў. У нашых крамах няма нездаровага ажыятажу, у бальніцах няма тысяч інфікаваных, ваенна-палявыя шпіталі не разгорнутыя, не ўводзяцца каранціны ў навучальных установах. Але, як вынікае з папярэдніх высноваў, такія паказнікі не з’яўляюцца плёнам эфектыўнай працы беларускай медычнай сістэмы і дзяржаўных органаў. Проста Беларусь знаходзіцца ў баку ад планетарных працэсаў. Аднак нават калі сыходзіць з афіцыйнай інфармацыі пра два дзясяткі грамадзянаў, у якіх тэсты пацвердзілі каронавірус, то імклівы распаўсюд эпідэміі – гэта справа часу. А калі ўлічыць, што ў Беларусі практычна не прымаюцца каранцінныя меры і ладзяцца без засцярогаў масавыя мерапрыемствы, то можна чакаць самага неспрыяльнага сцэнару. І тут яшчэ пытанне, ці змогуць беларускія медыкі дзейнічаць эфектыўна ва ўмовах абмежаванасці людскіх рэсурсаў, недастатковага фінансавання і банальнага недахопу апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Глабальная пандэмія, абвешчаная СААЗ, актуалізавала не толькі пытанні, звязаныя з медыцынай. У абмеркаваннях каронавіруса ў Беларусі дакладна вылучыліся два ідэалагічныя лагеры. Прыхільнікі аднаго пункта гледжання слепа вераць паведамленням з Кітаю, які драконаўскімі мерамі нібыта перамог каронавірус. Яны не супраць прынесці ў ахвяру правы чалавека, калі спатрэбіцца. А вось іх апаненты перакананыя, што ў эпоху адкрытых эканомік закрываць кардоны для замежнікаў, абмяжоўваць свабоду перамяшчэння для грамадзянаў і рабіць стаўку на рэпрэсіўныя механізмы – гэта прамы шлях у Сярэднявечча. Прыхільнікі дыктатур захапляюцца тым, як Кітай за два дні ўзвёў гіганцкія шпіталі для інфікаваных грамадзянаў, але не сочаць за лёсам тых будынкаў, некаторыя з якіх абрынуліся ў першыя тыдні пасля пабудовы.
Увогуле каронавірус – гэта цудоўны тэст на моцную дзяржаву. Дыктатуры, якія лёгка спраўляюцца з іншадумцамі і разганяюць мітынгі, як правіла, у нетыповых сітуацыях выглядаюць скрайне бездапаможнымі. Так было, калі ў СССР выбухнула атамная станцыя ў Чарнобылі. Так ёсць цяпер, калі замест эфектыўных мер мы назіраем запэўніванні, што “мы спакойна пераадолелі той перыяд”. У выпадку з Беларуссю грамадзянам у чарговы раз даводзіцца найперш спадзявацца на сябе і дбаць пра сваё здароўе без аглядкі на дзяржаву.