Ці гатовыя беларусы развітацца з незалежнасцю? 



Украінскія СМІ растыражавалі заяву міністра абароны Олэксія Рэзнікова пра тое, што Расея, аказваецца, анексавала Беларусь. “Праз дэ-факта аншлюс у Беларусі ў нас дадаліся дадаткова больш за тысячу кіламетраў кардону, які трэба абараняць, асабліва ў зімовы перыяд”, – заявіў міністр абароны Украіны, выступаючы перад дэпутатамі Вярхоўнай Рады. Гэтае недыпламатычнае выказванне гучыць у кантэксце пагрозлівых навінаў пра размяшчэнне ля ўсходняй мяжы Украіны амаль 100 тысяч расейскіх жаўнераў. Ці адбыўся аншлюс Беларусі? І, яшчэ больш важна, ці будуць беларусы ваяваць супраць Украіны ў гіпатэтычным расейска-ўкраінскім канфлікце?

У 2014 годзе, на фоне анексіі Крыма, давялося мне праводзіць апытанку ў Гомелі наконт таго, ці гатовыя беларускія мужчыны ваяваць з Украінай за інтарэсы РФ. З некалькіх дзясяткаў рэспандэнтаў ледзьве не палова здзіўлена рэагавала на пытанне, было бачна, што для гомельцаў сама праблема з’яўляецца чымсьці з шэрагу фантастыкі. Адзінкі дэкларавалі безумоўную падтрымку дзеянням Расеі. Ці не палова з рэспандэнтаў, падумаўшы, упэўнена гаварыла, што ваяваць супраць Украіны не будуць. Такім чынам, хоць гэтае апытанне не было рэпрэзентатыўным і мела мала супольнага з сацыялогіяй, але збольшага суадносілася з тым, якія адчуваліся настроі. За наступныя 7 год, асабліва пасля падзей 2020-га, мне шматразова даводзілася сустракаць людзей, якія падчас прыватных гутарак казалі, што расчараваліся ў палітыцы Крамля і асабіста ва Уладзіміры Пуціне. Інтуіцыя падказвае, што калі б цяпер правесці аналагічнае апытанне, як увесну 2014 года, то абсалютная большасць рэспандэнтаў адназначна б выказалася супраць удзелу ў магчымых вайсковых дзеяннях супраць Украіны. Больш за тое, выбары прэзідэнта ва Украіне, якія прывялі да ўлады Уладзіміра Зяленскага, паказалі беларусам, што ўстаноўкі расейскай прапаганды пра тое, што ўладу ў Кіеве гвалтам ўтрымлівае нацыяналістычная хунта, не маюць пад сабой ніякай падставы. Можна не сумнявацца, што колькасць беларусаў, якія сімпатызуюць Украіне, за апошнія гады вырасла вельмі значна. І гэта адказ на тое, ці гатовыя беларусы ўзняць зброю супраць суседзяў.

Выказванне ўкраінскага міністра пра тое, што аншлюс Беларусі Крамлём дэ-факта адбыўся, выклікае, мякка кажучы, неразуменне ў беларусаў. Інтэграцыя з РФ, хоць і зайшла далёка, але чырвоная рыса не пяройдзеная. На тэрыторыі Беларусі няма паўнавартасных вайсковых баз. Знешнюю палітыку пакуль што вызначае афіцыйны Менск. Кантроль за грашова-крэдытнай палітыкай, сілавымі структурамі, падаткамі, транзітам грузаў ажыццяўляе таксама афіцыйная ўлада. Больш за тое, ніякае далучэнне не мае вялікага сэнсу, калі насельніцтва ў асноўнай масе супраць. У адрозненне ад хрэстаматыйнага прыкладу далучэння Аўстрыі да 3 Рэйху ў 1938 годзе, беларусы не асабліва імкнуцца развітацца са сваёй дзяржаўнасцю, пра што сведчаць шматлікія вынікі сацыялагічных даследаванняў, якія праводзіліся ў ранейшыя гады. Такім чынам, выказванне міністра абароны Украіны пана Рэзнікова яўна паспешлівае. Пацыент хутчэй жывы, чым мертвы. Больш за тое, нешта падказвае, што ў 2020 годзе мы бачылі не самую рэкордную палітычную мабілізацыю грамадзянаў. Беларускае грамадства здольнае па адчуваннях яшчэ больш абурыцца, калі паўстане рэальная пагроза страты незалежнасці ці на гарызонце замаячыць перспектыва ўцягвання краіны ў збройны канфлікт з суседняй дзяржавай.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ