Ці магчыма паўтарэнне крымскіх падзей?



У каментарах некаторых адыёзных публіцыстаў часцяком сустракаецца параўнанне анексаванай РФ украінскай паўвыспы Крым з Беларуссю. У асноўным гэтыя параўнанні грунтуюцца на моўнай спецыфіцы ў Беларусі, у якой з моманту ўвядзення двухмоўя на рэферэндуме 1995 года няўхільна скарачаюцца сферы ўжытку роднай мовы ў сістэме адукацыі, дзяржаўных установах і ў афіцыйных СМІ. Нягледзячы на павярхоўныя падабенствы дзвюх сітуацый, правядзенне аналогій паміж Крымам і Беларуссю выглядаюць сама меней спрэчным.

Так склалася, што за дзесяцігоддзі існавання незалежнай беларускай дзяржавы пераважная большасць грамадзянаў, хоць і захавала сантымент да роднае мовы, выбірае ў якасці асноўнай для камунікацыі расейскую. Гэты факт расейскія прыдворныя палітолагі памылкова ўспрымаюць як праяву слабай нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, што дазваляе рабіць ім далёкасяжныя высновы пра прыналежнасць грамадзян Беларусі да так званага “рускага свету”. У публічным дыскурсе суседняй дзяржавы практычна не асэнсоўваецца тэма “рускамоўнага беларускага нацыяналізму” – з’явы, якая атрымала сур’ёзны распаўсюд у апошнія дзесяцігоддзі. Многія беларусы, светапогляд якіх сфармаваўся ва ўмовах суверэннай Беларусі, не бачаць ніякай супярэчнасці паміж іх цяперашняй рускамоўнасцю і патрыятычным стаўленнем да сваёй дзяржавы. У адрозненне ад Крыма, дзе сапраўды многія ягоныя жыхары ўспрымалі расейскую мову як галоўны складнік сваёй антыўкраінскай ідэнтычнасці, беларусы разглядаюць расейскую мову выключна ў інструментальных і прагматычных катэгорыях, пазбаўленых каштоўнасных афарбовак.

Стан беларускай мовы ў Беларусі сапраўды досыць трывожны, аднак назваць катастрафічным яго складана. Дзякуючы высілкам беларускай грамадскасці, беларуская мова дагэтуль шырока прысутнічае ў мастацтве, навуцы і Інтэрнэт-прасторы. Беларускія бізнесоўцы таксама імкнуцца ўсяляк выкарыстоўваць родную мову для прасоўвання сваіх паслугаў і тавараў. Актывісты сваімі высілкамі арганізоўваюць па ўсёй краіне масавыя курсы “Мова Нанова”, праз якія за гады дзейнасці прайшлі тысячы чалавек. Зразумела, усе гэтыя высілкі, хоць і заўважныя ў медыйнай сферы, не могуць выправіць сітуацыю карэнным чынам, паколькі толькі дзяржава мае магчымасць і прэрагатыву ствараць рамачныя ўмовы для развіцця мовы на нацыянальным узроўні. Разам з тым, наяўныя тэндэнцыі ў грамадстве не даюць падставаў называць працэс русіфікацыі ў Беларусі незваротным. Пры змене дзяржаўнай палітыкі ў моўнай сферы за некалькі гадоў будзе дасягнуты істотны прагрэс.

Аднак ідэнтычнасць сучасных беларусаў грунтуецца не толькі на беларускай мове. Для насельніцтва нашай краіны характэрная высокая ступень прывязанасці да радзімы, на тэрыторыі якой пражывалі многія пакаленні продкаў. Праявы гэтай любові можна заўважыць, напрыклад, на Радаўніцу, калі мільёны беларусаў прыязджаюць на родавыя некропалі з розных куткоў краіны і замежжа.

У сваёй дзяржаве грамадзяне беларускай нацыянальнасці складаюць абсалютную большасць. Ва ўсіх без выключэння рэгіёнах краіны ад 80% працэнтаў насельніцтва і больш ідэнтыфікуюць сябе менавіта беларусамі, карэнным насельніцтвам, што немагчыма параўнаць з жыхарамі дэнацыяналізаванага Крыму, заселенага “савецкімі людзьмі” пасля ІІ Сусветнай вайны. У адрозненне ад крымчукоў, якія “здабылі незалежнасць” на пару імгненняў, каб потым увайсці ў склад РФ на падставе бяспраўнага і датацыйнага суб’екта, беларусы маюць вялікую дзяржаўніцкую інтэнцыю. У гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя – многа прыкладаў дзяржаватворчай актыўнасці беларусаў, якая завяршылася абвяшчэннем незалежнай дзяржавы, ад якой іх не прымусяць адмовіцца ніякія міфічныя бонусы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ