Ці магчымы новы майдан ва Украіне?



Ва Украіне замаячыў прывід новага майдана. Некалькі соцень жыхароў Кіева вечарам першага кастрычніка выйшлі на галоўную плошчу ўкраінскай сталіцы, каб выказаць незадаволенасць дзеяннямі цяперашняй улады, якая падпісала новае пагадненне аб урэгуляванні крызіса на Данбасе. Гэтая дамоўленасць атрымала назву “формула Штайнмаера” – у гонар нямецкага міністра замежных справаў Франка-Вальтэра Штайнмаера, які ў 2016 годзе прапанаваў ад імя Захаду сваё рашэнне расейска-ўкраінскага канфлікта. Ухваленне новага пагаднення, на якое пайшла каманда прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, з’яўляецца адной з умоваў пачатку працы ў так званым Нармандскім фармаце.

Што з сябе ўяўляе “формула Штайнмаера”? На гэты момант падрабязнасцей падпісанага дакумента не знайсці ў свабодным доступе. Украінскія дыпламаты, якія крытыкуюць паспешлівасць уладаў, гавораць пра пастку, у якую трапіла недасведчанае атачэнне Уладзіміра Зяленскага. Зрэшты, расейскі бок не хавае асабліва сваіх намераў, падтрымліваючы новы фармат дачыненняў. “Будзе так, як у Прыднястроўі”, – цытуюць міністра замежных справаў РФ Сяргея Лаўрова. Як у Прыднястроўі – гэта на дзесяцігоддзі прыкаваць сябе ланцугом да гіры ў выглядзе замарожанага грамадзянскага канфлікту, непадкантрольных мясцовых уладаў і чужых войскаў на частцы тэрыторыі. Для Украіны падпісанне гэтай формулы можа стаць фатальнай, паколькі прывядзе да легалізацыі сепаратыстаў і баевікоў, зняцця адміністрацыйнага кардону на ўсходзе краіны. Акрамя гэтага, фінансавая адказнасць за ўтрыманне знішчаных у эканамічным плане частак Данецкай і Луганскай абласцей таксама будзе ўскладзена на Украіну.

Матывацыя Расеі, якая імкнецца ўвапхнуць ва Украіну свайго траянскага каня на правах аўтаноміі, тым самым спыніўшы рэформы і пахаваўшы надзеі ўкраінскага народа на далейшы рух у ЕЗ і NATO, зразумелая. Новае пагадненне – гэта шлях да скасавання санкцый і наладжвання адносін з прагматычным Захадам па правілах РФ. Для Захаду “формула Штайнмаера” – магчымасць зняць з сябе адказнасць, перастаць гнуць канфрантацыйную лінію з Масквой праз Украіну.

Ці магчымы новы майдан ва Украіне? Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба прыгадаць шэсце дзясяткаў тысяч ветэранаў АТО і іх сем’яў, якія выйшлі на марш годнасці 24 жніўня 2019 года. Украіна надта шмат усяго перанесла на сваім шляху да пераменаў, каб спакойна рэагаваць на “капітуляцыю”. У новых уладаў застаецца ўсе менш магчымасцей для манёўру, каб супакоіць актыўную частку грамадства і выйсці з амаль тупіковай сітуацыі з мінімальнымі стратамі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ