Ці маюць шанс беларусы на аднаўленне добрасуседскіх адносін з украінцамі?



Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы з прэсай выказаўся пра беларускі народ. Гэтым разам у рэчышчы таго, што менавіта пацыфісцкія настроі ў большасці беларускага грамадства звязваюць рукі Аляксандру Лукашэнку. “Ён не можа праводзіць толькі сваю палітыку, як бы ён не хацеў (…) Мы бачым, што ён, штосьці, нейкія там крокі зрабіў, каб не ўступіць поўнасцю ў вайну. Не факт, што не ўвойдзе, не факт, што не ўступіць. Мы гэтага не ведаем да канца. Вайна не скончылася. Аднак яму трэба глядзець на свой народ, і народ Беларусі супраць вайны з Украінай”, – зазначыў украінскі лідар. І далей развіў думку: “Калі параўноўваць статыстыку, трагічную, дарэчы, статыстыку народа РФ і народа Беларусі, вы можаце ўбачыць, што стаўленне беларусаў да ўкраінцаў намнога лепшае, чымся стаўленне расейцаў”. У гэтым разгорнутым выказванні Уладзіміра Зяленскага – ані каліва маніпуляцыі ці жадання спадабацца беларускай аўдыторыі. Пасля 40 дзён крывавай вайны, масавых забойстваў цывільных украінцаў у Бучы і Марыупалі Украіна выстаяла. І няма сумневу, што пры падтрымцы ўсяго свету пераможа. Як бы там не супакойвалі сябе пракрамлёўскія аналітыкі і іхныя прапагандысцкія падпявалы, перамога Украіны – гэта справа часу. Адпаведна, калі мы слухаем прэзідэнта Зяленскага, мы чуем выказванні чалавека, які не мае патрэбы ў выгандлёўванні сімпатый беларусаў. Заявы кіраўніка Украіны – гэта канстатацыя факта міралюбнасці беларусаў і прызнанне высілкаў той часткі нашага народу, якая, маючы мізэрныя рэсурсы, робіць больш, чымся некаторыя дзяржавы-саюзнікі Украіны. І гэта дае надзею на тое, што пасля заканчэння вайны беларусы пры пэўных умовах і пры прыкладанні высілкаў для змянення палітычнай сітуацыі ў сваёй краіне змогуць наноў вярнуць добрасуседскія адносіны з Украінай і павагу да сябе з боку свету.

Нежаданне беларусаў ваяваць ва Украіне, незалежна ад палітычных поглядаў і прыхільнасцей, — гэта практычна ісціна. І кіраўніцтва краіны цудоўна разумее настроі грамадства. Калі ў некаторых выпадках грамадскія настроі можна пераламаць, а часам для ўціхамірвання выкарыстаць дубінкі ці гумавыя кулі, то ў выпадку рэальнай вайны, ды яшчэ з народам, у якім жывуць мільёны сваякоў і сяброў, усё дакладна пойдзе не па сцэнары. Зрэшты, сама гэтая вайна, калі не пайшла па плане пуцінскага бліцкрыгу, перастала падабацца нават нешматлікім украінафобам і ястрабам у сілавым блоку.

Аднак прэзідэнт Зяленскі, выказваючыся на тэму беларусаў, дакладна не мог не мець на ўвазе шматлікія актыўнасці нашых суайчыннікаў у падтрымку Украіны. Так сталася, што ў першыя дні вайны, ашалелыя ад гора ўкраінцы, амаль абвясцілі ўсіх беларусаў ворагамі. І гэта зразумела з эмацыйнага гледзішча, улічваючы тое, што нашая краіна выкарыстоўваецца ў якасці плацдарму для расейскай арміі. Але пазней, калі ўкраінцы ўбачылі хвалю салідарнасці як унутры краіны, так ад беларускіх эміграцыйных асяродкаў, беларускіх журналістаў, яны паступова памянялі сваё стаўленне. Неймавернымі высілкамі беларусы змаглі давесці ўкраінцам, што рэжым і беларускі народ – розныя рэчы. І, здаецца, украінцы гэта збольшага пачулі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ