Ці можна гаварыць пра перамогу сілавікоў над беларускім грамадствам?



Пасля нядзельнага “Маршу народаўладдзя”, драматычныя падзеі якога нагадалі сутыкненні 9-11 жніўня, у многіх суайчыннікаў сталі выяўляцца песімістычныя настроі. Калі падыходзіць да аналізу сітуацыі павярхоўна, то сапраўды падставы для роспачы ёсць. Ці не ўпершыню пасля 16 жніўня сілавікі не далі жыхарам сталіцы арганізаваць шматтысячнае шэсце. Колькасць затрыманых перавысіла тысячу чалавек. Паводле сведчанняў затрыманых, некаторых жорстка збівалі людзі ў балаклавах. Адной з прычын тактычнай перамогі сілавікоў з’яўляецца тое, што яны фактычна сарвалі сцэнар пратэстоўцаў, які заключаецца ў тым, што калона ў дзясяткі тысяч людзей выглядае надзвычай эфектна, што вельмі дэмаралізуе прадстаўнікоў улады. Цягам амаль трох месяцаў прыхільнікі пераменаў крок за крокам даводзілі, што іх у краіне большасць, сведчаннем чаго былі масавыя мітынгі пратэсту. Улада ж, нягледзячы на ўсе рэсурсы, не змагла нічога супрацьпаставіць вулічнай дэмакратыі. Усе спробы арганізаваць масавыя мітынгі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў лепшым выпадку выглядалі вартай жалю копіяй апазіцыйных акцый (як па колькасці ўдзельнікаў, так і па драматургіі). У гэтым сэнсе для вертыкалі засталося адзінае выйсце – гэта брутальныя разгоны мітынгаў, якія разбураюць карціну элегантнай перамогі і паказваюць, каго насамрэч у краіне большасць.

Спачатку такая тактыка была апрабіраваная ў рэгіёнах. Сілавікі задушылі вулічную актыўнасць у абласных гарадах. Зрабіць гэта ў рэгіёнах было, хоць і складана, але лягчэй, чым у сталіцы па дзвюх прычынах: большая залежнасць жыхароў абласных гарадоў ад працы на дзяржаўных прадпрыемствах і нізкі ўзровень пратэстовай культуры. Гэтыя дзве прычыны патрабуюць лаканічнай расшыфроўкі. З усіх раёнаў Беларусі Менск – самы дынамічны ў плане эканамічнага развіцця рэгіён, у якім бюджэт фармуецца не за кошт датацый, а дзякуючы прыватнаму бізнесу. Адпаведна, вялікая частка насельніцтва не атаясамляе свой дабрабыт з дзяржавай. Адносна нізкага ўзроўня пратэстовай культуры рэгіяналаў можна зазначыць тое, што для жыхара Менску абсалютна звыклай з’яўляецца карціна традыцыйных шматтысячных апазіцыйных шэсцяў з нацыянальнай сімволікай. Менчукі, у адрозненне ад рэгіяналаў, дзесяцігоддзямі бачаць праявы вулічнага супрацьстаяння з рэжымам. А для жыхароў абласных гарадоў сёлетнія масавыя акцыі – навінка. Задушыўшы вулічныя пратэсты ў рэгіёнах, сілавікі перавялі найбольш баяздольныя фармаванні ў сталіцу. Гэта і стала прычынай “няўдачы” нядзельнага мітынгу. Насамрэч жа “няўдача” гэтая – досыць умоўная, паколькі ўсе тыя сотні тысяч смелых грамадзянаў, якія з’яўляліся своеасаблівымі “дэлегатамі” ад мільёнаў апанентаў улады, нікуды не падзеліся. Людзі часова сышлі ў цень па розных прычынах. Але лёгка ўявіць, што пры падзенні рэжыму, калі пагроза здароўю, жыццю і дабрабыту грамадзянаў-удзельнікаў акцый будзе мінімальнай, на галоўныя плошчы гарадоў выйдуць ужо не дзясяткі тысяч, а сотні тысяч святкуючых. І іншых сцэнароў досыць блізкай будучыні няма, бо цяперашняй уладзе няма на каго абаперціся, акрамя як на сілавікоў, вернасць якіх будзе выпрабоўвацца абставінамі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ