Ці можна лічыць Эмануэля Макрона слабаком?
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон пасля некалькіх тыдняў рэзанансных пратэстаў руху “жоўтых камізэлек” пайшоў на саступкі. Акрамя мараторыя на падвышэнне цэн на паліва, французскі лідар даручыў ураду з пачатку 2019 года падняць мінімальны заробак на 100 еўра і адмяніць павелічэнне падатку на сацыяльную дапамогу для пенсіянераў, якія атрымліваюць менш за 2 тыс. еўра ў месяц. Спадар Макрон прызнаў, што незадаволенасць грамадзянаў была абумоўленая сур’ёзнымі праблемамі, якія не вырашаліся цягам “апошніх 40 год”. Цікава, што рух “жоўтых камізэлек”, які пачынаўся як пратэст супраць экалагічнага падатку на найбольш папулярнае ў народзе дызельнае паліва, стаў афармляцца ў палітычную сілу з ідэалогіяй еўраскептыцызму.
Менавіта лозунгі аб выхадзе з ЕЗ і таксама фотаздымкі некаторых падазроных дэманстрантаў з сімволікай непрызнанай прарасейскай рэспублікі ДНР дазволілі многім назіральнікам выказаць здагадкі пра тое, што да арганізацыі маштабных пратэстаў у Францыі маюць дачыненне расейскія спецслужбы. Некаторыя аналітыкі дагаварыліся да таго, што, маўляў, высокакультурныя французы ніколі б у жыцці не нанеслі шкоду аднаму з сімвалаў рэспублікі – Трыумфальнай арцы. А гэта значыць, зрабілі выснову аматары канспіралагічных тэорый, за дзеяннямі сотняў тысяч французаў дакладна стаіць Пуцін. Адмаўляць расейскі след у французскіх акцыях пратэсту на 100 % не варта. Зразумела, кіраўніцтва РФ спіць і бачыць, як на фоне руін ЕЗ паўстае адноўленая звышдзяржава са сталіцай у Маскве. А там ужо і да ідэальнай карціны света недалёка з яго біпалярным уладкаваннем. На карысць гэтай версіі працуюць і ранейшыя спробы дэстабілізацыі шэрагу краін Балканаў і Прыбалтыкі, якія ажыццяўлялі ў мінулыя гады расейскія агенты ўплыву. Сакрэтам Полішынэля таксама з’яўляецца фінансаванне Крамлём шэрагу ультраправых партый і рухаў у краінах ЕЗ, якія ў момант ікс могуць стварыць мноства праблем для аб’яднанай Еўропы. Аднак усе тыя, хто піша пра інспіраваны Масквой рух “жоўтых камізэлек”, моцна недаацэньваюць пратэстны патэнцыял французскага грамадства.
Традыцыі грамадзянскага непадпарадкавання ў Францыі былі закладзеныя яшчэ ў далёкія гады Вялікай французскай рэвалюцыі 18 ст. Рэха той падзеі яшчэ цягам наступных стагоддзяў выводзіла на авансцэну французскую палітычную нацыю, якая не баялася змятаць з улады імператараў, каралёў і прэзідэнтаў. Увогуле Францыя – класічны прыклад таго, як заходнія грамадствы апантана абараняюць свае правы. Менавіта гатоўнасць французаў да адстойвання сваіх інтарэсаў дазволіла ім дасягнуць такога ўзроўню дабрабыту і сацыяльных гарантый.
Увогуле ў кантэксце гісторыі пра пратэст “жоўтых камізэлек” згадваецца адзін допіс знаёмай беларускай блогеркі, якая, жывучы стала ў Італіі, паспрабавала спрагназаваць рэакцыю італьянцаў на ўвядзенне Дэкрэта “Аб дармаедах”. Аўтарка допіса напісала, што калі б італьянскі ўрад пайшоў на аналагічны дэкрэт, то кактэйлі молатава пачалі б рыхтаваць нават 80-гадовыя бабці-дзьмухаўцы. І ў гэтых словах чамусьці не ўзнікае сумневу. Даволі проста ўзгадаць выпадкі, з якой лёгкасцю выходзяць на вуліцы гарадоў мільёны італьянцаў, калі лічаць, што іх урад з імі паступіў несправядліва.
Пасля саступак Эмануэля Макрона многія расейскія і беларускія інтэрнаўты пачалі называць прэзідэнта Францыі слабаком. Маўляў, глядзіце, прагнуўся пад патрабаванні вуліцы. Але такія ацэначныя меркаванні – па-за культурай эфектыўнай дэмакратыі, калі саступкі лідара – гэта нармальная з’ява. Вымярэнні слабасці ці сілы палітычнага лідара – гэта наканаванне прымітыўных аўтарытарных рэжымаў, дзе многія пытанні вырашаюцца ў стылі разборак неандэртальцаў.