Ці можна перамагчы нацыю герояў? 



У Менску прайшоў “Марш супергерояў”. На мыліцах, на інвалідных вазочках і з кіёчкамі прамаршыравалі па праспекце Незалежнасці некалькі дзясяткаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Іх суправаджалі родныя. У руках адной з мацярок быў плакат “Не страшна быць маці дзіцёнка ў калысцы. Страшна быць маці бандыта ў масцы”. “Маршы супергерояў” – трапная назва. Без перабольшання. Людзі, якія і так штодня ў Беларусі змагаюцца за тое, каб проста выйсці на вуліцу з непрыстасаванага пад’езду, паказалі прыклад грамадзянскай мужнасці іншым суайчыннікам.

Разам з тым у Беларусі насамрэч няма дэфіцыту ў героях, пра што сведчаць падзеі апошніх некалькіх месяцаў. Абсалютна нечакана для многіх суседзяў па глобусе нацыя, якую многія папікалі залішняй памяркоўнасцю і рахманасцю, прадэманстравала, што ў нас няма недахопу ў мужных і самаахвярных людзях. Надзвычай смела сябе паводзяць прадстаўнікі розных прафесій, маладыя і пажылыя, мужчыны і жанчыны, творчыя людзі і працоўныя. Ажно гонар перапаўняе, калі беларускія рабочыя ў сваіх відэазваротах патрабуюць выканання законнасці і гавораць пра правы чалавека. Беларускія чэмпіёны, гонар айчыннага спорту, выступаюць супраць гвалту. Жанчыны выходзяць на маршы за мір. Пенсіянеры з самаробнымі плакатамі заклікаюць сілавікоў да адэкватнасці. Студэнты ў перапынках паміж заняткамі, нягледзячы на запалохванні ідэолагаў і міліцыянтаў, спяваюць патрыятычныя песні і ладзяць акцыі салідарнасці. Дзеячы культуры адмаўляюцца ад дзяржаўных узнагародаў і ахвяруюць сваімі працоўнымі месцамі. Рэпарцёры працуюць пад прыцэламі снайпераў у эпіцэнтры падзей. Такой колькасці герояў могуць пазайздросціць любыя народы.

У падручнікі па паліталогіі і гісторыі, безумоўна, увойдуць фота- і відэакадры з беларускіх гарадоў, на якіх можна ўбачыць, як мірныя грамадзяне з кветкамі і плакатамі ў рукох супрацьстаяць узброеным да зубоў сілавікам, якія хаваюць твары за балаклавамі і адгароджваюцца ад суайчыннікаў калючым дротам. Зрэшты, хто не можа пахваліцца гераізмам, дык гэта супрацоўнікі беларускіх сілавых структураў. Колькі б не здымалі адбельваючых сюжэтаў па дзяржаўных тэлеканалах, народ сёлета цудоўна разабраўся, з якога цеста вылепленыя беларускія сілавікі. Беспрэцэдэнтная жорсткасць у дачыненні да мірных грамадзянаў, напады на дэманстрантаў толькі пры колькаснай перавазе, сведчанні ў судах у балаклавах і са змененымі прозвішчамі – большай ганьбы для людзей, якія ішлі служыць народу, не прыдумаеш. Давер да супрацоўнікаў праваахоўных органаў пасля падзей жніўня 2020 году не вернеш ніякай кандовай сацыяльнай рэкламай. За жудасныя дні супрацьстаянняў усе ўбачылі, хто чаго варты. Цяпер слова “сілавік” у дачыненні да людзей у форме, колькі б разоў яны не падцягваліся на перакладзіне і як бы трапна не стралялі, гучыць як кпін. На фоне супергерояў у інвалідных вазочках бугаі ў крапавых берэтах выглядаюць проста арлекінамі. Можна перамагчы апазіцыю, але перамагчы нацыю герояў немагчыма.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ