Ці можна сказаць, што пратэст здзьмуўся?



Увага беларускага грамадства ў апошнія тыдні была скіраваная на тым, як пройдзе Дзень Волі.  І хоць пасля некалькіх месяцаў жорсткіх рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў было вялікай наіўнасцю чакаць выхаду на вуліцы гарадоў шматтысячнай грамады, аднак прыхільнікі пераменаў спадзяваліся на гэта. Улады, сваёй чаргой, рыхтаваліся да маштабнай спецаперацыі. Калі праглядзець шматлікія інфармацыйныя матэрыялы пра сітуацыю ў цэнтры Менска, то кідаюцца ў вочы надзвычайныя і неадэкватныя меры з боку сілавікоў, якія ўсяляк імкнуліся задавіць волю людзей да супраціву карцінкай лічбавай перавагі. Нягледзячы на тое, што сталіца на некалькі гадзін стала падобнай да горада ва ўмовах акупацыі, пэўныя прыкметы маштабнай незадаволенасці былі. Па-першае, пра гэта сведчыць лічба затрыманых, якая ў канцы дня складала каля 250 чалавек па ўсёй краіне. Затрыманне такой колькасці актыўных грамадзян гаворыць пра тое, што пратэст усё адно ў любы момант можа аднавіцца, як толькі здарыцца нагода. Па-другое, беларусы навучыліся нагадваць пра сябе максімальна бяспечнымі метадамі. Напрыклад, арганізацыяй святочных феерверкаў, якія запускаліся ў гонар БНР па ўсёй краіне.

Спроба пазбегнуць лабавога сутыкнення з сілавікамі — натуральная рэакцыя людзей, якія мысляць рацыянальна і прагматычна. Палітычная мабілізацыя масаў, насуперак уяўленням людзей з канспіралагічнай карцінай свету, адбываецца не праз маніпуляцыю свядомасцю замежнымі лялькаводамі, а ў выніку збегу пэўных фактараў кшталту важнай падзеі і арганізацыйнай працай на месцы. У нашым выпадку мы мелі важную для пэўнай часткі насельніцтва падзею (чарговая гадавіна з моманту абвяшчэння БНР), але пры гэтым яўна бракавала сістэмнай працы па рабоце з насельніцтвам унутры Беларусі. Акрамя гэтага, выбух пратэстовай актыўнасці, які назіраўся ў другой палове 2020 года, усё-такі стаў магчымым дзякуючы таму, што на першым этапе масавыя мерапрыемствы насілі легальны характар. Хоць пазней улады, убачыўшы небяспечную дынаміку працэсаў, сталі забараняць нават выбарчыя пікеты, што прама супярэчыць іхняму ж выбарчаму заканадаўству, якое і без таго дэмакратычным і справядлівым не назавеш.

Па выніках сёлетняга Дня Волі, безумоўна, варта зрабіць пэўныя высновы тым, хто верыць у перамены. Восень 2020 года паказала, што ў Беларусі ёсць крытычная маса людзей, якія гатовыя падтрымаць у розных формах лідараў і палітычныя сілы, што будуць прадстаўляць іх інтарэсы. Адпаведна, першачарговай задачай дэмакратычных сілаў на гэтым этапе з’яўляецца не дзяльба будучых мандатаў і не ўнутрывідавае змаганне, а ўмацаванне даверу паміж сабой, падтрымка легітымных лідараў і захаванне легальных структур унутры Беларусі. Разумеючы важнасць усёй той працы, якую ў дадзены момант робіць дыяспара, усё-такі перамены наступяць у выніку сістэмнай дзейнасці ўнутры краіны з максімальна эфектыўным выкарыстаннем наяўных рэсурсаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ