Ці падтрымаюць Бабарыку нацыяналісты?
Прэтэндэнты на прэзідэнцкую пасаду паведамляюць пра свае дасягненні ў зборы подпісаў. Калі верыць на слова некаторым, то яны перакрочылі 100-тысячны бар’ер. На гэты момант пра пераадоленне рубяжа заявілі прадстаўнікі ініцыятыўных групаў Аляксандра Лукашэнкі, Ганны Канапацкай, Наталлі Кісель, Валерыя Цапкалы, Віктара Бабарыкі… Калі з метадамі збору подпісаў у падтрымку дзейнага кіраўніка дзяржавы ўсё зразумела, як і з лічбамі (больш за мільён подпісаў), то ў здольнасці Наталлі Кісель і Ганны Канапацкай арганізаваць працэс збору подпісаў паўстаюць апраўданыя сумневы, не кажучы пра дасягненне неабходнага мінімуму.
Калі не браць ва ўлік Аляксандра Лукашэнку з ягонымі лічбамі, якія павінны ўвесці ў ступар апанентаў і падрыхтаваць маральна грамадства да чарговай “элегантнай перамогі”, то безумоўным фаварытам гонкі з’яўляецца экс-банкір Віктар Бабарыка. Ён паведамляе пра 285 тысячаў подпісаў за ягонае вылучэнне. І ў гэтую лічбу верыцца лёгка, калі бачыш добра арганізаваную працу штаба, інструкцыі валанцёраў, інтэрнэт-актыўнасць прыхільнікаў. Зрэшты, вынікі інтэрнэт-апытанняў, якія спрабуюць забараніць у Беларусі, таксама паказваюць вялікі поспех Віктара Бабарыкі ў палітычна актыўнай публікі . Дарэчы, 285 тысяч подпісаў — гэта рэкорд сярод альтэрнатыўных кандыдатаў за ўсю гісторыю правядзення прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Можна прагназаваць, што да 15 чэрвеня, калі заканчваецца перыяд збору подпісаў, ініцыятыўная група Віктара Бабарыкі перакрочыць 300 тысячаў. Ва ўмовах сумленных выбараў, няма сумневу, што гэты прэтэндэнт, калі б не перамог у першым туры, то дакладна ўвайшоў бы ў другі. А такі паварот падзей адназначна азначаў бы паразу нязменнага беларускага правадыра. Але ў нашых рэаліях усё ідзе да таго, што Віктара Бабарыку могуць зняць на этапе рэгістрацыі кандыдата, нягледзячы на скандал і фрустрацыю ў асяроддзі ягоных прыхільнікаў. Арышт блогера Сяргея Ціханоўскага паказвае, што ўлады Беларусі ўжо паслалі выразны сігнал Бруселю, што ім начхаць на прызнанне выбарчага працэсу. Адпаведна, нерэгістрацыя Бабарыкі — пытанне, якое, хутчэй за ўсё, вырашанае.
Аднак у гэтай выбарчай кампаніі ёсць яшчэ адна інтрыга, звязаная з нечаканым вылучэннем Віктара Бабарыкі. Гаворка ідзе пра тое, ці падтрымае альтэрнатыўнага кандыдата патрыятычная частка электарату. Калі логіка падзей будзе развівацца ў тым рэчышчы, як і цяпер, то два фаварыты выбараў (Аляксандр Лукашэнка і Віктар Бабарыка) сутыкнуцца з неабходнасцю апеляцыі да беларускіх пасіянарыяў, асноўную частку якіх складаюць менавіта нацыяналісты. Цікава, што, паводле суб’ёктыўных назіранняў, большасць удзельнікаў ранейшых выбараў, якія актыўна ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту пад бел-чырвона-белымі сцягамі, цяпер максімальна дыстанцуюцца ад палітычнай кампаніі. У іх выклікае недавер адсутнасць выразна прабеларускага кандыдата з нацыяналістычнай рыторыкай. У гэтых умовах энергія самай актыўнай і матываванай часткі грамадства пакуль што не запатрабаваная. Дарэчы, улада пачала гульню на апярэджанне. Дэпутат Ігар Марзалюк адкрытым тэкстам у адным са сваіх блогаў спрабаваў “прысароміць” хлопцаў-змагароў за падтрымку імаверных пракрамлёўскіх кандыдатаў. Хутчэй за ўсё ў бліжэйшы час кіраўніцтва краіны працягне заігрыванне з патрыётамі.
Што да Віктара Бабарыкі, ён пакуль што задавальняецца дынамікай працы на традыцыйным электаральным полі свайго візаві і мабілізацыяй некалі апалітычнай часткі грамадства. Але калі сітуацыя пачне абвастрацца, то не выключана, што рускамоўнаму лібералу Віктару Бабарыку крытычна спатрэбіцца падтрымка патрыётаў, бо толькі такі хаўрус можа прынесці жаданы вынік.