Ці падтрымліваюць беларусы саюзныя дачыненні з Расеяй?
Напярэдадні падпісання пакета дакументаў аб паглыбленні інтэграцыі паміж Беларуссю і Расеяй, якое мае адбыцца 8 снежня ў Маскве, на беларускае грамадства абрынуліся гігабайты маніпулятыўнай інфармацыі. Статусныя расейскія СМІ апублікавалі шэраг матэрыялаў, мэтавай аўдыторыяй якіх з’яўляецца не расейскі чытач, а беларусы.
Амаль адначасова два ключавыя выданні расейскага выдавецкага холдынга “Камерсант”, набліжанага да Крамля, выдалі тэндэнцыйныя матэрыялы. Адзін апублікаваны ў часопісе “Огонёк”, які калісьці ў часы Перабудовы з’яўляўся флагманскім выданнем дэмакратычных сілаў, а цяпер рэтранслюе рэакцыйныя сэнсы. У матэрыяле “Калі не едзем, то падаем” аналітык Андрэй Суздальцаў, дэпартаваны некалі з Беларусі, прамым тэкстам даводзіць спажывецкі характар саюзніцкіх дачыненняў паміж Менскам і Масквой. Аўтар піша, што Беларусь штогод атрымлівае толькі за кошт перапродажу расейскага газу 1,5-2 мільярда долараў, аднак дагэтуль нашая краіна не прызнала Крым у складзе Расеі. Танальнасць такіх допісаў, зрэшты, не новая. Андрэй Суздальцаў вось ужо другі дзясятак год не стамляецца паўтараць тэзісы пра штучнасць беларускай дзяржаўнасці і лімітрофны характар нашае гаспадаркі.
А вось іншы артыкул, які быў размешчаны на сайце “Камерсант. Навіны”, выкананы абсалютна ў іншай стылістыцы. Аўтар пры напісанні матэрыяла пад назвай “90% беларусаў выступаюць за саюзніцкія ці партнёрскія адносіны з Расеяй” абапіраўся на дадзеныя адмысловага сацыялагічнага даследавання, праведзенага ў вельмі хуткія тэрміны Цэнтрам прасторавага аналіза і міжнародных дачыненняў ИМИ МГИМО. Што цікава, звесткі збіраліся шляхам апытання праз тэлефонныя размовы. Усяго, калі верыць дадзеным матэрыяла, расейскія сацыёлагі абзванілі 7 тысяч беларусаў, сабралі 500 поўных анкет, у якіх задаваліся пытанні як наконт стаўлення да інтэграцыі Беларусі і Расеі, так пра электаральныя паводзіны грамадзянаў. Асобным пунктам анкеты было пытанне пра мову, на якой вялася агітацыя на апошніх выбарах. Калі прааналізаваць характар пытанняў, то складваецца ўражанне, што ініцыятараў даследавання цікавілі не столькі рэальныя лічбы, колькі запраграмаваны эфект ад самога факта правядзення апытання. І самі пытанні былі складзеныя такім чынам, што рэспандэнт нібыта падштурхоўваўся да варыянту адказу пра “вечную дружбу з РФ”.
Паводле дадзеных расейскіх сацыёлагаў, на пытанне “якія дачыненні з Расеяй вы лічыце найбольш прымальнымі” каля 57% рэспандэнтаў адказалі “саюзніцкія”, 32% — “партнёрскія”, 10% — “нейтральныя”. Вось гэтыя звесткі і былі суміраваны, у выніку чаго выйшла маніпулятыўная лічба 90%. Зразумела, ніводзін адэкватны чалавек у Беларусі не будзе адказваць, што паміж краінамі мусяць быць “варожыя” дачыненні. Зрэшты, такія адказы трапілі ў зону статыстычнай пагрэшнасці. Аднак варта звярнуць увагу на тое, што жаданне мець добрыя адносіны з суседняй краінай – гэта не тое самае, што імкненне да аб’яднання ў адну дзяржаву. Аднак аўтары матэрыяла ў “Камерсанце” такімі развагамі не пераймаюцца. Для іх важна, каб беларусы, якія выступаюць за праеўрапейскі вектар развіцця, адчулі, што яны ў абсалютнай меншасці. Звыклая тактыка: спачатку дэмаралізаваць суперніка, а потым узяць яго “голымі рукамі”. Цікава, што гэты матэрыял прасоўваецца практычна ўсімі расейскімі топ-смі, у тым ліку дэмакратычнымі. Так што, ахоп аўдыторыі – максімальны.
Асаблівасцю новай інфармацыйнай атакі з’яўляецца тое, што прапагандысцкія матэрыялы не распаўсюджваюцца самі па сабе, а з’яўляюцца адным са звёнаў шырокай кампаніі, задачамі якой з’яўляецца, з аднаго боку, фармаванне ілюзіі ўсебаковай падтрымкі інтэграцыі з РФ з боку беларускага насельніцтва, з іншага боку, дэмаралізацыя прыхільнікаў незалежнасці Беларусі.