Ці паедуць беларусы сёлета ў Крым?



Набліжаецца перыяд летніх адпачынкаў. Многія беларусы імкнуцца выдзяліць з сямейнага бюджэта сродкі на паездку на мора. З савецкіх часоў склалася такая завядзёнка, што сезон без мора – гэта страчаны час. Ды і насамрэч у краіне з дэфіцытам ёду ёсць натуральная патрэба ў аздараўленні. Сярод беларусаў нават распаўсюджаныя жарты і самаіронія наконт таго, што нашая апатыя, добразычлівасць, памяркоўнасць і апалітычнасць абумоўленыя менавіта недахопам ёду і іншых важных мікраэлементаў, у якіх не адчуваюць недахопу жыхары марскіх дзяржаваў.

Але, калі адысці ад жартаў, тэма летніх адпачынкаў важная не толькі з пункту гледжання здароўя беларусаў, але з’яўляецца паказнікам плацежаздольнасці насельніцтва. Выбар месца адпачынку наўпрост залежыць ад памераў кашалька. У каго ён поўны манетамі і банкнотамі, то, вядома, прыярытэтнымі напрамкамі для адпачынку з’яўляюцца марскія курорты краінаў ЕЗ. Для большасці ж насельніцтва, асабліва ў рэгіёнах, традыцыйнымі маршрутамі з’яўляюцца курорты Чарнаморскага ўзбярэжжа.

Да анексіі Крыма ў 2014 годзе беларускія турысты стабільна ўваходзілі ў тройку народаў, якія выбіралі месцам адпачынку гэтую ўкраінскую паўвыспу. Фінансавы дабрабыт многіх крымскіх пасёлкаў і гарадкоў наўпрост залежыў ад беларускіх курортнікаў, якія пакідалі дастаткова шмат грошай дробным бізнесоўцам. Пасля змяненняў адміністрацыйных межаў Украіны і нявызначанага статуса Крыма працэнтаў 80% беларускіх турыстаў перасталі адпачываць у гэтым месцы. Колькі расейскія ўлады не спрабавалі вярнуць прываблівасць гэтага рэгіёну для беларусаў, вялікая людская плынь у наступныя гады туды так і не паехала. Аднак было б наіўнасцю лічыць адмову беларусаў ад наведвання Крыма прынцыповай пазіцыяй грамадзян, якія выступаюць супраць імперыялістычнай палітыкі Масквы і падтрымліваюць тэрытарыяльную цэласнасць суседняй Украіны. Справа да банальнага простая: беларусы ўмеюць добра лічыць свае грошы. А вяртанне Крыма ў так званую “родную гавань” зусім не паспрыяла даступнасці адпачынку. Выдаткі на дарогу, якая павялічылася ўдвая з улікам неабходнасці аб’язджаць тэрыторыю Украіны, выраслі ў некалькі разоў. Цэны на прадукты харчавання і жытло ў анексаваным Крыме таксама не засталіся ўкраінскімі, наблізіўшыся да расейскіх. Сукупнасць гэтых фактараў паўплывала на тое, што Крым канчаткова страціў асноўную масу беларускіх турыстаў. Сярод нашых грамадзян, вядома, ёсць група, якая добра разбіраецца ў нюансах міжнароднага права і магчымых наступстваў за незаконнае перасячэнне ўкраінскай мяжы (паводле ўкраінскага заканадаўства, за самавольнае перасячэнне мяжы з Крымам прадугледжаныя штраф, дэпартацыя альбо турэмны тэрмін). Не выратавала сітуацыю і піар-акцыя расейскіх уладаў з будаўніцтвам моста праз Керчанскую пратоку. Ад з’яўлення гэтага шляхаправоду адлегласць для беларускіх кіроўцаў не зменшылася.

Аднак Украіна хутка сарыентавалася ў патрэбах беларускага спажыўца, які ўсё адно імкнецца адпачываць на моры эканомна і без наяўнасці шэнгенскіх віз. Прыярытэтным кірункам для большасці суайчыннікаў сталі Адэская і Мікалаеўская вобласці, якія маюць аграмадны турыстычны патэнцыял, някепскую інфраструктуру і, што важна, там пражываюць людзі, з якімі няма культурнага і моўнага бар’ераў. Такім чынам, беларускія турысты з 2014 года адкрылі для сябе мацерыковую Украіну, якая цалкам забяспечыла чаканні большай часткі нашых курортнікаў. І няцяжка прагназаваць, што ў бліжэйшыя тры месяцы будзе перагружаны аўтамабілямі з беларускімі нумарамі трафік украінскай часткі трасы Е-95 Санкт-Пецярбург-Адэса.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ