Ці паляціць „Белавія” ў Крым?
Нацыянальны авіяперавозчык “Белавія” ў хуткім часе можа пачаць рабіць рэйсы ў Крым. Звычайна з’яўленне новых маршрутаў сведчыць пра дынамічнае развіццё кампаніі, але ў нашым выпадку, калі паўвыспа Крым знаходзіцца ў цьмяным статусе анексаванай тэрыторыі, жаданне наладзіць авіяспалучэнне – гэта дарога ў адзін бок. “Белавія” можа забыць пра сваю будучыню, паколькі самалётам з яе брэндам будзе закрыты шлях у цывілізаваныя дзяржавы, а сам перавозчык пераўтворыцца ў аналаг расейскай рэгіянальнай малабюджэтнай авіякампаніі з перспектывай спынення існавання.
Пасля перамоваў кіраўнікоў Расеі і Беларусі многае засталося за кадрам. Пра вынікі сустрэчы можна было даведацца з вытрымак афіцыйных навінаў. Сёе-тое стала вядома пасля ўкідаў расейскіх СМІ, якія звярнуліся з пытаннямі пра авіяспалучэнне “Белавія” з Крымам да гендырэктара кампаніі. Той адказаў, што магчымасць запуска авіяліній нацыянальнага авіяперавозчыка залежыць ад палітычнага рашэння. У дадзеным кантэксце пад эўфемізмам “рашэнне” хаваецца банальнае прызнанне статуса Крыма як часткі Расеі.
Калі да апошняга моманту афіцыйны Менск на прамое прызнанне гэтай анексаванай тэрыторыі не ішоў, што было выклікана не столькі разуменнем незаконнасці далучэння ўкраінскай паўвыспы да РФ, колькі цалкам прагматычнымі мэтамі. Кіраўніцтва Беларусі цудоўна ўсведамляла, што прызнанне Крыма расейскім аўтаматычна абмяжуе перамоўныя магчымасці Менска з Захадам і панізіць статус суверэннай дзяржавы да адміністрацыйнага казуса кшталту Прыднястроўя. Такі паварот падзей для ўлады Беларусі да 2020 года быў не пажаданы, паколькі б паставіў тлусты крыж на так званай шматвектарнай знешняй палітыцы. Але пасля жніўня 2020 года ўлады прайшлі кропку незвароту ў стасунках з дэмакратычным светам. Канчаткова надзеі на нармалізацыю адносін Беларусі з Захадам былі пахаваныя пасля інцыдэнту з прымусовай пасадкай летака Ryanair 23 траўня 2021 года. Сутыкнуўшыся з рэзкай рэакцыяй краін-суседзяў, у тым ліку Украіны, Беларусь пайшла на абвастрэнне міждзяржаўных адносін. У адрозненне ад папярэдніх гадоў, калі міждзяржаўныя спрэчкі паміж Менскам і Кіевам рэгуляваліся ў асноўным шляхам гандлёвых войнаў, цяпер гаворка ідзе пра курс на разрыў дыпламатычных адносін. Пасля прызнання Крыма Беларусь можа забыцца на ўкраінскі рынак для сваіх тавараў, а таксама на рэалізацыю буйных транспамежных праектаў.
Аляксандр Лукашэнка па выніках закрытай сустрэчы з Уладзімірам Пуціным заявіў, што не пакіне ў бядзе “Белавія”. Маўляў, прапрацоўваюцца альтэрнатыўныя рэйсы на прасторах Расеі. Пазней дадаў, што кампанія, якая “ні за што” пацярпела ад падступных еўрапейцаў, пачне лятаць у Крым. Падобныя выказванні, зрэшты, маюць мала супольнага з клопатам пра будучыню кампаніі, гісторыя якой пасля пачатку палётаў на анексаваную тэрыторыю, відавочна, падыходзіць да завяршэння.