Ці прайграла беларуская дэмакратычная рэвалюцыя? 



У Беларусі працягваецца метадычнае знішчэнне грамадзянскай супольнасці. “Ажыццяўляецца шырокамаштабная аперацыя па зачыстцы ад радыкальна настроеных асобаў”, – паведамляе прэс-служба КДБ. У дадзеным паведамленні трэба звярнуць увагу на спецыфічную лексіку, запазычаную ад расейскіх сілавікоў. Тэрмін “зачыстка” — жарганізм, які да нядаўняга часу абазначаў жорсткую антытэрарыстычную аперацыю на Паўночным Каўказе ў дачыненні да антыкрамлёўскіх паўстанцаў. І вось гэтую мілітарысцкую лексіку спецслужба Беларусі адрасавала мірным суайчыннікам – журналістам, рэдактарам, валанцёрам, актывістам, палітыкам. “Радыкальна настроеныя асобы”, як вынікае з гэтага паведамлення, нібыта з’яўляліся ўдзельнікамі экстрэмісцкіх чатаў у “Тэлеграме”. Пазіцыяванне аперацыі ў прапагандысцкіх СМІ як “зачысткі” паказвае бесцырымоннасць спецслужб, якія цяпер нават не пераймаюцца праўдападобнымі фармулёўкамі. Нягледзячы на сумную сітуацыю, калі ўлада свядома абрала курс на знішчэнне апошніх жывых структур грамадзянскай супольнасці, ва ўсёй гэтай гісторыі ёсць і пазітыў. Дзеянні прадстаўнікоў сілавых структур поўнасцю пазбавіліся флёру законнасці. А гэта – поўная самадыскрэдытацыя з далёкасяжнымі наступствамі.

На фоне рэпрэсій супраць незалежнага грамадства чарговы раз становіцца актуальным пытанне адносна таго, ці прайграла беларуская дэмакратычная рэвалюцыя. Калі аналізаваць вынікі павярхоўна, сітуацыя для прыхільнікаў пераменаў не выглядае аптымістычнай. Па-першае, ужо больш за паўгода няма вялікіх вулічных акцый пратэсту. Па-другое, у краіне — рэкордная колькасць прызнаных палітычных вязняў. Па-трэцяе, Беларусь перажывае самы маштабны міграцыйны крызіс, калі з краіны выехалі дзясяткі тысяч маладых і ініцыятыўных грамадзянаў. Па-чацвёртае, і самае галоўнае, нягледзячы на самаахвярнасць беларусаў, улада не змянілася. Здавалася б, кіраўніцтву краіны можна адкаркоўваць бутэлькі з шампанскім, святкуючы перамогу. Але літаральна кожны дзень у краіне здараюцца падзеі, якія ўказваюць на глыбокі крызіс сістэмы. Па сутнасці, ва ўмовах адсутнасці нават мінімальнай легітымнасці ўлада абапіраецца выключна на сілавікоў. Менавіта і гэтым можна патлумачыць пастаянныя вайсковыя вучэнні, а таксама “маштабныя спецаперацыі” супраць апанентаў улады. Для развіцця краіны патрэбная лаяльнасць грамадзянаў да дзяржавы, а для ўтрымання ўлады дастаткова лаяльнасці сілавікоў. Разумеючы, што ў бліжэйшы час заваяваць сімпатыі большасці беларусаў не ў стане, улада канцэнтруецца на запалохванні грамадзянаў.

Беларуская дэмакратычная рэвалюцыя, пачатак якой праспала ўлада ў 2020 годзе, сапраўды не перамагла на дадзены момант. І іншага варыянту, улічваючы трывалую канструкцыю айчыннага аўтарытарызму, які выбудоўваў вертыкаль цягам чвэрці стагоддзя, быць не магло. Аднак пасля акцый пратэсту 2020 з кожным днём расколіна ў маналіце ўлады пашыраецца. Пра гэта сведчаць выпадкі сыходу з працы соцень дзяржслужачых розных рангаў і нават высокапастаўленых сілавікоў. І працэс гэты, улічваючы нежаданне ўлады ісці на кампраміс, будзе паскарацца. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ