Ці прайгралі беларусы сваю дзяржаву і будучыню?



Вайна ва Украіне, а таксама жорсткія і інтэнсіўныя рэпрэсіі супраць апанентаў улады, увесь час спараджаюць дыскусію наконт таго, ці прайгралі беларусы ў змаганні за сваю дзяржаву. Некаторыя меркаванні гучаць увогуле катэгарычна. Маўляў, такой дзяржавы як Беларусь пасля таго, як яе тэрыторыя была выкарыстаная войскамі РФ, не існуе. Адпаведна, няма падставы гаварыць пра нейкі суб’ект міжнароднага права. І, значыцца, варта канстатаваць тое, што Беларусь пераўтварылася ў звычайную расейскую губернію. Усе выказванні такога плану выкліканыя спробай даць просты адказ на складанае пытанне. Калі такое сцвярджаюць замежнікі без вопыту пагружэння ў беларускую тэму, то такая катэгарычнасць у прынцыпе зразумела. На дадзены момант Беларусь выглядае насамрэч краінай з абмежаваным суверэнітэтам і без самастойнай знешняй палітыкі. Больш таго, сілавыя структуры ўвесь час праводзяць зачыстку пасіянарнай часткі насельніцтва, пераследуюць грамадзянаў за праявы патрыятызму і любоў да краіны. А калі дадаць да гэтага адсутнасць масавых выступленняў супраць кіраўніцтва краіны (адсутнасць карцінкі ў СМІ), то ўвогуле складваецца ўражанне, што гісторыя незалежнай Беларусі, калі не скончылася, то набліжаецца ўпэўнена да завяршэння.

Хоць сітуацыя з правамі чалавека, нацыянальнай культурай і самастойнасцю ў знешняй палітыцы ў цяперашняй Беларусі выглядае насамрэч складанай, але падставы для аптымізму ўсё роўна маюцца. На нізавым узроўні беларускае грамадства, нягледзячы на рэпрэсіі, працягвае аказваць супраціў уладзе. Пра гэта сведчаць хронікі ўладаахоўных органаў, якія робяць усё, каб зламаць волю народу, але ў іх атрымліваецца не надта. Кожны дзень ў Беларусі праходзіць пад знакам арыштаў, запалохванняў і затрыманняў. Акрамя гэтага, нягледзячы на ваяўнічую рыторыку афіцыйнага Менска адносна Украіны, беларускае войска дагэтуль не перайшло кардону РБ. І гэтага не было зроблена, відавочна, з меркаванняў бяспекі рэжыму. Ва ўладзе цудоўна ўсведамляюць непапулярнасць чужой вайны, якая, да таго ж, пайшла зусім па іншым сцэнары, чым планавалася ў Крамлі. Такім чынам, беларускі народ, насуперак усяму, застаецца калі не суб’ектам палітыкі, то, прынамсі, вызначальным фактарам, які заганяе ўладу ў рамкі. Самае відавочнае адрозненне беларускай рэчаіснасці ад сітуацыі ў РФ заключаецца ў тым, што на побытавым узроўні ў Беларусі апанентам улады вельмі камфортна жыць. Каб не жорсткія рэпрэсіі, то большасць беларусаў не выехала б з краіны ніколі. Паколькі сярод суседзяў па пад’ездзе, у чарзе ў краме, на рынку, у кінатэатры, то бок паўсюль цябе атачаюць людзі, якія плюс-мінус думаюць прыблізна так жа, як і ты. У РФ апаненты ўлады намагаюцца ўвогуле не выказваць крытычныя думкі, каб не выклікаць у свой бок агрэсію.

Беларусь перажывае крытычны перыяд у сваёй гісторыі, калі асноўныя працэсы праходзяць унутры грамадства, якое выспявае да незваротных пераменаў. Беларусы не прайгралі, пакуль маюць волю да перамогі. І гэтую сітуацыю можна хутчэй ахарактарызаваць “адкладзенай у часе перамогай”, якая настане ўсё роўна, як бы ні супраціўляліся прадстаўнікі ўладнай меншасці і падпарадкаваныя ім арганізаваныя ўзброеныя атрады.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ