Ці прыедзе Дональд Трамп у Менск?



У Беларусі замаячыў прывід вялікай палітыкі. Адразу дзве цікавыя падзеі адбыліся ў нашай частцы свету, якія яшчэ нядаўна былі б немагчымымі. Сталіца Беларусі можа ў бліжэйшы час зноў прыцягнуць увагу сусветных медыя, якія будуць асвятляць статусныя міжнародныя сустрэчы з удзелам прэзідэнтаў вядучых дзяржаваў. Гаворка ідзе пра магчымыя перамовы Украіны і Расеі з удзелам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, ягоных калег з Нямеччыны, Францыі і Вялікабрытаніі.

Калі б нехта ў 2010 годзе сказаў, што ў Менск прыедзе дэсант кіраўнікоў еўрапейскіх дзяржаваў, тады б адзінай адэкватнай рэакцыяй на гэтае выказванне мог толькі быць пазнавальны рух з указальным пальцам ля скроні. Але часы мяняюцца. Пасля анексіі Крыма ў 2014 годзе Менск стаў нечакана перамоўнай пляцоўкай для дыпламатаў з РФ, ЕЗ і Украіны. А ў гісторыі міжнародных стасункаў з’явіўся новы тэрмін “Менскія дамоўленасці”, які абазначае пакет мераў па ўрэгуляванні сітуацыі на Усходзе Украіны. Для Беларусі, безадносна ацэнак эфектыўнасці “Менскіх дамоўленасцей” і тыпа палітычнага рэжыму краіны-гаспадара, сам факт правядзення перамоваў “Нармандскай чацвёркі” стаў прарывам на дыпламатычным фронце. Перамовы ў Менску ў лютым 2015 года спрычыніліся да адмены часткі санкцый з беларускага рэжыму, пацяпленню адносін з ЕЗ і ЗША. Брэнд “Апошняя дыктатура Еўропы” таксама страціў сваю актуальнасць. І з таго часу дрэйф Беларусі ў бок цывілізаванага свету паволі працягваецца, нягледзячы на відавочную незадаволенасць Масквы.

І вось беларускія афіцыйныя СМІ паведамляюць пра тое, што ў Наваградку міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей сустрэўся з прадстаўнікамі сям’і Кушнер з ЗША, продкі якіх змаглі выжыць пасля пабегу з наваградскага гета. Гэтая навіна магла б мець цалкам лакальны кантэкст, калі б не адзін момант: сям’я Кушнер – гэта сваякі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Зяць кіраўніка амерыканскай дзяржавы Джарэд Кушнэр з’яўляецца афіцыйным дарадцам свайго цесця. То бок, у Беларусі ёсць патэнцыйны канал сувязі з адным з самых уплывовых людзей у свеце. Засталося толькі наладзіць кантакт, каб камунікацыя наладзілася. Няма сумневу, што такая праца ідзе. Іначай бы беларускае МЗС трэба было б распусціць па прычыне некампетэнтнасці.

Супадзенне ці не, але паралельна з паўафіцыйным візітам сям’і Кушнераў у Наваградак на гарызонце намалявалася яшчэ адна прычына, па якой у Менск мог бы прыехаць Дональд Трамп. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім відэазвароце, у якім засцерагаў украінскі народ ад удзелу ў прапагандысцкім шоў расейскага тэлеканала “Расея 1”, выказаўся, нарэшце, наконт імавернай сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. У стылі, далёкім ад дыпламатычных стандартаў, ён прапанаваў абмеркаваць набалелае пытанне “Чый Крым” і “Каго няма ў Данбасе”. У якасці месца сустрэчы быў прапанаваны Менск. Трэба сказаць, што рэакцыя афіцыйнага Менска была імгненнай. Праз пару гадзінаў пасля відэазвароту Уладзіміра Зяленскага прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы адпісалася, што “наш прэзідэнт абсалютна падтрымлівае прапановы Уладзіміра Зяленскага”. Хто б у гэтым сумняваўся, бо саміт з удзелам Ангелы Меркель, Дональда Трампа, Эмануэля Макрона, Тэрэзы Мэй у Менску ў перадвыбарчы год – гэта проста падарунак лёсу. Такі шанец для таго, каб чарговы раз заявіць выбарцам пра поспех нашай знешняй палітыкі і Беларусь як донара стабільнасці ў свеце.

Крытыкі правядзення саміту ў Менску заўважаюць, што ЗША наўрад ці пойдуць на тое, каб прысутнічаць на самым высокім узроўні ў краіне, дзе нават не працуе паўнавартасная дыпламатычная пляцоўка і дзе не выконваюцца шматлікія стандарты правоў чалавека. У адказ на гэта варта прыгадаць серыю сустрэч Дональда Трампа з “абаяльным” дыктатарам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ