Ці трэба беларусам адчайвацца?



У разгар жнівеньскіх акцый пратэсту, якія ахапілі ўсю краіну, ля сценаў адной з гомельскіх турмаў давялося пагаварыць з адным чалавекам. Ягоны сын быў затрыманы падчас мірнага мітынгу на пару дзён раней, а потым, разам з іншымі сотнямі маладзёнаў, змешчаны пад арышт. Мужчына ў салідным узросце не шкадаваў моцных выразаў на адрас кіраўніка дзяржавы і сілавікоў. Потым прагучала нечаканае: «Ведаеце, я раней крытычна ставіўся да бел-чырвона-белага сцяга, «Пагоні» і падтрымліваў Расею. Пасля таго, як Пуцін фактычна выступіў у абарону Лукашэнкі, для мяне тая краіна перастала існаваць. Чым больш расейскія ўлады падтрымліваюць тыранію ў Беларусі, тым менш у іх шанцаў на тое, што інтэграцыя будзе паглыбляцца. Хай забудуцца на Саюзную дзяржаву». У гэтым выказванні – эвалюцыя поглядаў чалавека, пад словамі якога да нядаўняга часу ў Беларусі маглі падпісацца многія.

Насуперак таму, што прадстаўнікі апазіцыі даўно папярэджвалі, што стаўка на РФ у пытанні дэмакратызацыі Беларусі, мякка кажучы, памылковая, многія беларусы спадзяваліся на тое, што менавіта Крэмль паспрыяе змене ўлады. Аднак ілюзіі канчаткова развеяліся пасля таго, як расейская дзяржава ажыццявіла падтрымку Аляксандру Лукашэнку ў крытычныя для ягонай ўлады паслявыбарчыя месяцы. Уладзімір Пуцін настойліва, падчас кожнай важнай прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанні пра беларускі палітычны крызіс, гаворыць пра недапушчальнасць умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі калектыўнага Захаду. Маўляў, дэструктыўны ўплыў ЗША і ЕЗ на беларускія падзеі мае выбуховы эфект, разрывае краіну знутры.

Свежае выказванне расейскага нацлідара пра Беларусь не ўтрымлівае нічога новага, што магло б даць надзею прыхільнікам пераменаў. Уладзімір Пуцін прамым тэкстам заявіў: “Я сыходжу з таго, што трэба даць магчымасць беларускаму народу ўнутры краіны разабрацца са сваімі пытаннямі, вырашыць іх у спакойным рэжыме…”. І дадаў, што падзяляе пазіцыю Аляксандра Лукашэнкі, які ініцыяваў змяненні ў Канстытуцыю. Гэтае выказванне прагучала на фоне прыняцця новага пакета санкцый ЕЗ у дачыненні да праўладнага бізнесу, а таксама ўганаравання прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці прэміяй імя Сахарава ў Еўрапарламенце. Расейская Федэрацыя адназначна паказвае, што для яе дачыненні з беларускім народам, які самаахвярна змагаецца з жорсткім аўтарытарным рэжымам апошнія 4 месяцы, не каштуюць нічога.

Ці трэба беларусам, якія спадзяюцца на дэмакратычныя перамены адчайвацца ад таго, што Расея падтрымлівае беларускага аўтакрата? З аднаго боку, несумненна, шматузроўневая падтрымка Масквы ў пераломны момант пасля выбараў стала тым фактарам, які ўмацаваў вертыкаль улады ў Беларусі і прадухіліў хістанні ў сілавым блоку. Беларускія сілавікі атрымалі ідэалагічнае падсілкаванне і ілюзіі гарантый бяспекі. Аднак не трэба забывацца, што Расея нават у апошняе дзесяцігоддзе рабіла фатальныя памылкі, калі абапіралася на ўладу прарасейскага, але скампраметаванага кіраўніка той ці іншай постсавецкай дзяржавы. Дастаткова прыгадаць досвед Украіны, калі прэзідэнт Віктар Януковіч, нягледзячы на ўсебаковую падтрымку з боку Расеі, не ўтрымаўся на сваёй пасадзе. А вайсковае ўмяшальніцтва РФ ў Крыме і ў Данбасе, якое мела на мэце аднаўленне ўлады прарасейскага лідара, кансалідавала ўкраінцаў і прывяло да канчатковай перамогі іх рэвалюцыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ