Ці ўдасца правесці зачыстку трэцяга сектару?
Беларусь — на парозе чысткі грамадзянскай супольнасці. У гэтым сумнявацца не выпадае пасля выказвання кіраўніка дзяржавы пра тое, што “трэба разабрацца з працай замежных фондаў, фінансаваных з-за мяжы некамерцыйных арганізацый і іншых падобных структур”. Інакш кажучы, кантралюючым і сілавым органам фактычна далі “зялёнае святло” на тое, каб, сама меней, ускладніць жыццё разнастайным аб’яднанням, якія даўно раздражнялі вертыкаль і ідэолагаў сваёй актыўнасцю.
У першую чаргу, як вынікае з кароткага паведамлення, праверкі будуць датычыць разнастайных фондаў і ўстановаў, бум рэгістрацыі якіх мы назіралі ў апошнія гады. Улады падазраюць шматлікія арганізацыі, якія ў “дарэвалюцыйны час” займаліся праблемамі ўрбаністыкі, безбар’ернага асяроддзя, гісторыі, культуры і г.д., у фінансаванні пратэстаў. Нягледзячы на абсурднасць абвінавачання, па ўсёй краіне ў гэты момант выклікаюцца на допыты “вясноўцы”, а таксама сябры іншых аб’яднанняў праваабарончай скіраванасці.
Абсалютна відавочна, што ўлада ў сваім памкненні спрабуе знішчыць непадкантрольныя ёй арганізацыі. І будзе наіўным меркаваць, што зачыстка закране толькі незалежны саюза палякаў альбо праваабаронцаў з “Вясны”. Пад каток трапіць усё жывое, што дзяржава ўспрымае ў якасці чужога. А чужое для яе — усё, што не падпарадкоўваецца ідэолагам і мае натуральную прыроду.
У варожым стаўленні аўтарытарных рэжымаў да грамадзянскай супольнасці нічога новага няма. Цяперашнія выканаўцы рэпрэсіўных захадаў свята перакананыя, што вядуць барацьбу з агентамі заходняга ўплыву, якіх фінансуе “калектыўны Сорас”. Словам, яны ўпэўненыя, што заснавальнікі грамадскіх арганізацый дэмакратычнай скіраванасці насамрэч маюць іншыя задачы, чым тыя, што дэкларуюць. “Дзяржаўнікі” вераць у тэорыю змовы і лічаць, што сапраўдныя намеры НДА – адарванне Беларусі ад расейскага цывілізацыйнага мацерыка і знішчэнне дзяржавы. У такім кантэксце зразумелыя ўсе абмежавальныя захады, якія цягам дзесяцігоддзяў стварае беларуская ўлада на шляху недзяржаўных аб’яднанняў. Насуперак дэмакратычнай традыцыі, дзе дзяржава бачыць у грамадзянскім сектары роўнага партнёра, у Беларусі прадстаўнікі афіцыйных элітаў прытрымліваюцца думкі пра штучнасць грамадзянскага актывізму. І вось тут мы падыходзім да больш сур’ёзнай праблемы, чым “забабоны” цяперашніх выканаўцаў і функцыянераў. Гаворка ідзе пра іх нявер’е ў тое, што для кагосьці грамадзянская актыўнасць насамрэч мае каштоўнасць. Паколькі іх досвед грамадскага ўдзелу ў пераважнай большасці заключаецца ва ўплаце ўнёскаў у паўжывыя афіцыйныя прафсаюзы і ў арганізацыі паказушных суботнікаў, то яны нават не ўяўляюць, што для кагосьці аб’яднанне для вырашэння нейкай праблемы мае сапраўдную каштоўнасць. Адпаведна, контрмеры, якія прымае беларуская дзяржава, заснаваныя на іх хібных уяўленнях пра прыроду грамадзянскага чыну.
Улады памылкова думаюць, што, забараніўшы некалькі НДА, яны саб’юць хвалю салідарнасці і вернуць грамадзянаў у звыклы апатычны стан. Аднак, аналізуючы тое, як аператыўна беларусы навучыліся адказваць на рэпрэсіі падтрымкай і калектыўным дзеяннем, сумнеўна, што з захадаў улады штосьці выйдзе.