Ці варта прыхільнікам пераменаў спадзявацца на падтрымку Расеі?
Устойлівасць канструкцыі ўлады ў Беларусі пасля так званых выбараў прэзідэнта забяспечваецца апорай на сілавікоў унутры краіны і на шматузроўневую падтрымку з боку Крамля. Прынамсі, праўладныя прапагандысты ўсяляк спрабуюць пераканаць грамадства ў тым, што пералічаныя элементы нязменныя. Аднак пры дэталёвым аналізе поствыбарчай сітуацыі становішча ўлады не выглядае настолькі трывалым, як падаецца на першы погляд.
Сітуацыя з лаяльнасцю сілавікоў кіраўніку дзяржавы — дагэтуль пад пытаннем, нягледзячы на тое, што з шэрагаў супрацоўнікаў розных уладаахоўных структур выйшла адносна нязначная колькасць асобаў. З іх толькі дзясяткі заявілі пра сваю нязгоду з гвалтоўнымі дзеяннямі калегаў публічна. У адкрытым доступе надзвычай мала інфармацыі, якая б дазволіла рабіць высновы пра стан рэчаў у сілавым блоку.
Іншая справа – падтрымка Расеі. На ўзроўні крэдытных ліній, прапагандысцкага суправаджэння і падтрымкі на знешнепалітычным фронце Крэмль, здаецца, робіць усё магчымае, каб у Беларусі ўтрымалася цяперашняя ўлада. Аднак апошнія заявы прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, агучаныя падчас відэаканферэнцыі краін-удзельніц АДКБ, выклікаюць некаторыя пытанні адносна імавернага змянення падыходаў Масквы да ўзаемадзеяння з Менскам.
Уладзімір Пуцін, выступаючы на сесіі Рады калектыўнай бяспекі АДКБ, выказаў некалькі цікавых тэзісаў. Некаторыя з іх не маюць патрэбы ў дадатковай расшыфроўцы, паколькі адпавядаюць доўгатэрміновым геапалітычным інтарэсам РФ ва Ўсходняй Еўропе. У прыватнасці, сюды можна аднесці ягоную занепакоенасць “умяшальніцтвам” заходніх краінаў ва ўнутраныя справы Беларусі. Расейскі прэзідэнт тут не арыгінальнічае, калі гаворыць пра тое, што “падступны” Захад падмацоўвае свой уплыў на беларускія справы магутнымі фінансавымі патокамі, інфармацыйнымі дыверсіямі і знешнім ціскам на рэжым. Падобныя клішэ – водгук савецка-амерыканскай халоднай вайны. Былы агент КДБ проста не можа мысліць у іншых катэгорыях, паколькі ягонае жыццё будзе проста пазбаўленае хоць якога сэнсу. Адпаведна, уся знешняя палітыка РФ і яе сатэлітаў падпарадкоўваецца прынцыпу адвечнага супрацьстаяння калектыўнаму Захаду.
Аднак беларусам варта засяродзіцца на новых акцэнтах у прамове Уладзіміра Пуціна, якія, безумоўна, прымушаюць уладу панервавацца. Выступаючы супраць умяшальніцтва Захаду ў справы Беларусі, расейскі кіраўнік дзяржавы нечакана гаворыць пра тое, што беларусам “трэба даць магчымасць самім разабрацца ў сітуацыі”. І развівае далей сваю думку ў наступным рэчышчы: “Я вельмі спадзяюся на тое, што беларускаму народу хопіць палітычнай сталасці для таго, каб спакойна, без усялякіх рэзкіх рухаў выбудаваць і дыялог унутрыпалітычны з усімі палітычнымі сіламі, і вырашыць усе свае ўнутраныя пытанні самім, без усялякага ціску і без усялякага ўмяшання звонку. Не сумняваюся ніколькі, што гэта атрымаецца, у тым ліку маючы на ўвазе і палітычны вопыт прэзідэнта Беларусі”. У гэтым выказванні важныя два меседжы. Па-першае, бачна, што Крэмль не мае ілюзій наконт падтрымкі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі з боку беларускага народу. Па-другое, фраза пра “ўнутраны дыялог” выглядае надзвычай крывадушнай на фоне жорсткіх рэпрэсій рэжыма супраць грамадзянаў. Відавочна, у Маскве прагназуюць, што найбольш верагодным варыянтам развіцця падзей у Беларусі стане далейшае паслабленне ўлады ў выніку працягу акцый грамадзянскага непадпарадкавання. Але ў страшным сне расейскае кіраўніцтва бачыць перамогу беларускай рэвалюцыі, якая можа стаць небяспечным прэцэдэнтам і прыкладам для расейскіх грамадзянаў. Таму адзіным прымальным выйсцем для Масквы з’яўляецца далейшае зацягванне палітычнага крызісу ў Беларусі, у выніку якога пераможа не паўсталы народ, а аслабленая супрацьстаяннем улада, якая пагадзіцца не толькі на “інтэграцыйны пакет”, але і пойдзе пад абсалютнае падпарадкаванне.