Ці варта выконваць нормы Закона “Аб замежных агентах”
У асяроддзі расейскай палітычнай эміграцыі вядуцца дыскусіі пра тое, ці варта выконваць дыскрымінацыйны закон “Аб замежных агентах”. Некаторыя інтэлектуалы і публіцысты, хоць і выехалі ў бяспечныя краіны ЕЗ і Украіну, у сваіх паведамленнях пазначаюць паслухмяна, што тэкст падрыхтаваны асобай, прызнанай замежным агентам. Так паступаюць таксама і некаторыя эміграцыйныя СМІ кшталту Медузы. Прыхільнікі гэтага падыходу заяўляюць, што не згодныя з законам, але выконваюць патрабаванні Міністэрства юстыцыі РФ, каб не падставіць людзей унутры РФ. Апаненты заяўляюць, што выкананне абсурдных нормаў Закона “Аб замежных агентах” — ніжэй чалавечай годнасці.
Адразу дзве вядомыя ў расейскім апазіцыйным асяроддзі асобы зладзілі віртуальныя дэбаты наконт Закона “Аб замежных агентах”. Аркадзь Бабчанка, літаратар і ветэран Чачэнскай кампаніі, які пражывае ва Украіне, жорстка прайшоўся па сатырыку Віктару Шэндэровічу. Маўляў, у Віктара Шэндэровіча ў тэкстах утрымліваецца ганебная шыльда пра “замежных агентаў”, якую ён, нават з’ехаўшы з краіны, піша вялікімі літарамі. І далей параўноўвае гэтыя акты самалупцавання з тым, як нацысты прымушалі ў акупаваных краінах яўрэяў нашываць жоўтыя зоркі на адзенне. Віктар Шэндэровіч у адмысловай калонцы адпісаў, што “існуе толькі два паслядоўныя адказы на дзяржаўнае хамства з “жоўтай зоркай” замежнага агента”. Першы — той, што сфармулявала ўдзельніца панк-групы Pussy Riot Надзея Талаконнікава: “Маркіруйце сабе пятую кропку”. Цаной такой пазіцыі з’яўляецца, на думку Віктара Шэндэровіча, абсалютнае знішчэнне камунікацыі з расейскай аўдыторыяй. Іншы варыянт, як піша Шэндэровіч, — працяг працы, плата за якую — публічнае прыніжэнне ў выглядзе таўра перад любым тэкстам.
Такім чынам, расейская інтэлігенцыя апынулася ў няпростай сітуацыі, калі платай за магчымасць данясення сваіх думак часта з’яўляецца псіхалагічны дыскамфорт і прыніжэнне. Яшчэ адным эфектам ад выканання Закона “Аб замежных агентах” з’яўляецца падзенне аўтарытэту, чаго і дабіваліся ініцыятары дыскрымінацыйнага нарматыўнага акту. Справа ў тым, што, у адрозненне ад заходняй рэчаіснасці, на тэрыторыі постсавецкіх краін, якія перажылі траўматычны таталітарны вопыт, слова “агент” наўпрост асацыюецца з паняццем “здраднік-шпіён”. Адпаведна, улада выкарыстоўвае гэты інструментар для далейшага змагання з людзьмі, аўтарытэт якіх на дадзены момант вышэйшы, чым у прадстаўнікоў афіцыйных эліт.
Разам з тым, як паказвае практыка, ніякі, нават самы жорсткі закон, не будзе дзейнічаць, калі ў грамадстве ёсць крытычная маса людзей, гатовых супраціўляцца. Добрым прыкладам з нядаўняй беларускай гісторыі з’яўляецца адыёзны Закон “Аб дармаедстве”, супраць якога ў 2017 годзе паўстала ўся краіна. Нягледзячы на самаўпэўненасць улады, якая імкнулася любымі сродкамі павялічыць падатковыя паступленні ад уразлівых катэгорый насельніцтва, беларусы дадзены закон зрабілі нежыццядзейным, проста масава праігнараваўшы яго выкананне. Большасць людзей, якія падпадалі пад дзеянне Закона “Аб дармаедах”, проста не выплацілі сумы да пазначаных уладай дэдлайнаў. А пазней, калі дзяржава ўсё-такі паспрабавала спагнаць грошы з беспрацоўных, па ўсёй краіне пракацілася хваля масавых пратэстаў, пасля якіх улада наклала мараторый на дэкрэт. Такім чынам, часта прынцыповая пазіцыя грамадзянаў, якія не хочуць мірыцца з несправядлівасцю, прыводзіць да жаданых поспехаў. У той час як згодніцтва вядзе да далейшага звужэння прасторы свабоды і згортвання правоў чалавека.